Скокі (в.) 2/437 (к.); 4/440; 9/560; 10/159

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМА́ЦЫЯ,

стылістычная фігура ў паэтыцы, спалучэнне слоў з аднолькавым коранем, але неаднолькавых паводле граматычнай катэгорыі. Прыклад выкарыстання аманімацыі, падпарадкаванай маст. задуме, у вершы Я.​Купалы «У купальскую ноч»: «Цемра з нетрай скача скокі...», «Так шукае, лазіць лазам...», «Кветкі пільна я пільную» // На замкоў замкнёна сорак...».

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПА́К,

украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер 24. Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.​Чайкоўскага, «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.​Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.​Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Гаянэ» А.​Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),

амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.

Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус. пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.

Літ.:

Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.

А.Дункан.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕРМАН ((Kellermann) Бернгард) (4.3.1879, г. Фюрт, Германія — 17.10.1951),

нямецкі пісьменнік. Чл. Ням. АМ (з 1950). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене. Друкаваўся з 1904. У ранніх раманах «Іестэр і Лі» (1904), «Інгеборг» (1906), «Мора» (1910) і інш. уплыў неарамантызму. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тунэль» (1913), які выкрывае супярэчнасці паміж творчай працай, талентам і бурж. цывілізацыяй. Раманы «9 лістапада» (1920), «Браты Шэленберг» (1925, экранізацыя 1926), «Горад Анаталь» (1932), «Песня дружбы» (1935), «Блакітная стужка» (1938) адметныя спалучэннем рэалізму і экспрэсіянізму. Вяршыня творчасці К. — раман «Скокі смерці» (1948) пра трагедыю ням. народа пры фаш. дыктатуры. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кніг дарожных нарысаў. Нац. прэмія ГДР 1949.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М.; Л., 1930;

Избр. соч. Т. 1—4. Л., 1934—35;

Пляска смерти. М., 1986;

Море. Голубая лента. Симферополь, 1991.

Літ.:

Федоров А.А. Творчество Келлермана. М., 1961;

Бергельсон Г. Бернгард Келлерман. М.;Л., 1965.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕГЕ́Р ((Honegger) Арцюр) (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар. муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.

Літ. тв.: Рус. пер. — Я — композитор. Л., 1963.

Літ.:

Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́КАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры барока ў в. Скокі Брэсцкага р-на. Створана ў 18 ст. ў маёнтку М.​Нямцэвіча — бацькі пісьменніка Ю.​Нямцэвіча Комплекс уключае палац (1770-я г.) і парк. Палац і 2 бакавыя сіметрычна пастаўленыя флігелі (афіцына і стайня, не захаваліся) утваралі парадны двор, замкнёны паўкруглай агароджай з брамай. Перад палацам на адной восі з ім стаяла драўляная родавая капліца-пахавальня. 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны палац, накрыты ламаным вальмавым дахам, фланкіраваны вуглавымі алькежамі, якія завяршаліся ў мінулым барочнымі фігурнымі купаламі.

Цэнтр ч. вылучана падвойнымі пілястрамі і вынаснымі балконамі на слупах. Парк мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу, высаджаны на раўнінным рэльефе. У паўн. ч. знаходзяцца партэр, 2 невял. лужкі, уязная алея, у паўд. — густая грабавая алея, абапал якой лужкі, якія чаргаваннем, памерамі і формай нагадваюць баскеты рэгулярнага тыпу. Па перыметры ідзе кальцавая алея. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, лістоўніца еўрап., конскі каштан звычайны, акацыя белая, біручына, лох вузкалісты і інш.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін.

Скокаўская сядзіба. Агульны выгляд (з малюнка Н.​Орды) і план палаца.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б (сапр. Цяцернікаў) Фёдар Кузьміч

(1.3.1863, С.-Пецярбург — 5.12.1927),

рускі пісьменнік. Скончыў С.-Пецярбургскі настаўніцкі ін-т (1882). Да 1907 настаўнічаў. Друкаваўся з 1884. Адзін з тэарэтыкаў сімвалізму (арт. «Дэманы паэтаў», 1907; «Тэатр адной волі», 1908, і інш.). У першым рамане «Цяжкія сны» (1895) спалучэнне натуралістычнага паказу правінцыяльнага побыту з пропаведдзю эстэтызму і эротыкі. Матывы адчаю, індывідуалізм у паэт. зб. «Палымяны круг» (1908). Гратэскны паказ жыцця рус. правінцыі ў зб. апавяданняў «Джала смерці» (1904), рамане «Дробны чорт» (1905) і інш. У трылогіі «Легенда, якая ствараецца» (ч. 1—3, 1907—13) — культ і трагізм эрасу. Сімвалічныя тэмы і матывы ў паэт. зб-ках «Блакітнае неба» (1920), «Фіміямы» (1921), «Жалейка» (1922) і інш. Аўтар «Палітычных казачак» (1906), зб. паліт. вершаў «Радзіме» (1906), п’ес «Дар мудрых пчол» (1907), «Перамога смерці» (паст. 1907), «Начныя скокі» (1908), рамана «Заклінальніца змеяў» (1921) і інш. Перакладаў Вальтэра, Гі дэ Мапасана, Ш.​Бадлера, П.​Верлена, А.​Рэмбо, Г.​Гейнэ, О.​Уайльда, Т.​Шаўчэнку і інш.

Тв.:

Свет и тени: Избр. проза. Мн., 1988;

Голодный блеск: Избр. проза. Киев, 1991;

Творимая легенда. М., 1991;

Неизданный Федор Сологуб. М., 1997;

Лирика. Мн., 1999.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),

пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.​К.​Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.​Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.​Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).

Тв.:

Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.

Ю.Нямцэвіч.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)