ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),

амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.Бетховена, Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.

Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус. пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.

Літ.:

Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.

А.Дункан.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)