сано́рыка

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭРД (Baird) Тадэвуш

(26.7.1928, г. Гродзіск-Мазавецкі, Польшча — 2.9.1981),

польскі кампазітар, прадстаўнік польскага авангардызму. Чл. АМ ГДР (1979). Праф. (1977). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай муз. школе ў Варшаве (1947—51), Варшаўскім ун-це (1948—50). У 1949 засн. (з К.Сяроцкім і Я.Крэнцам) творчую суполку «Група-49». Творчую дзейнасць пачынаў пад уплывам неакласіцызму. З 1956 новую кампазіцыйную тэхніку (серыйная тэхніка, санорыка, пуантылізм) спалучаў з традыцыйнай. Сярод тв.: опера «Заўтра» (муз. драма, 1966); З сімфоніі (1950, 1952, 1969); канцэрты з арк., у т. л. «Журботны» для альта (1975); «Эротыка» для сапрана і арк.; «Эцюд» для «вакальнага арк.», ударных і фп.; Варыяцыі без тэмы; камерна-інстр. і вак. творы. Адзін з заснавальнікаў міжнар. муз. фестываляў «Варшаўская восень» (з 1956). Дзярж. прэміі Польшчы 1951, 1964, 1970.

Н.К.Мазоўка.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́РД

(ад італьян. сугучнасць),

спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.

Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл. Санорыка), фактар гучнасці.

Літ.:

Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.Булез, П.Шэфер, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен, Л.Нона, Л.Берыо, Дж.Кейдж, Дз.Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.Картэс, Дз.Смольскі, С.Бельцюкоў, В.Войцік, В.Кузняцоў, В.Капыцько, А.Літвіноўскі, А.Сонін, Л.Шлег, Я.Паплаўскі і інш.

А.У.Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)