ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць) у музыцы, суадносіны двух гукаў музычных па вышыні. Ступеневая (колькасная) велічыня І. вымяраецца колькасцю ступеней 7-ступеннага гукарада паміж ніжнім і верхнім гукамі. У абазначэннях І. ўказваецца колькасная велічыня (лац. парадкавыя лічэбнікі або лічбы) і якасная (вызначэнні: чысты, малы, вялікі, паменшаны, павялічаны, двойчы паменшаны, двойчы павялічаны). І. ў межах актавы наз. простымі, шырэйшыя за актаву — састаўнымі.
Простыя І.: чыстая прыма (ч. 1) — 0 тонаў; малая секунда (м. 2) — 1/2 тону; вялікая секунда (в. 2) — 1 тон; малая тэрцыя (м. 3) — 1 1/2 тону; вялікая тэрцыя (в. 3) — 2 тоны; чыстая кварта (ч. 4) — 2 1/2 тону; павялічаная кварта (пав. 4) — 3 тоны; паменшаная квінта (пам. 5) — 3 тоны; чыстая квінта (ч. 5) — 3 1/2 тону; малая секста (м. 6) — 4 тоны; вялікая секста (в. 6) — 4 1/2 тону; малая септыма (м. 7) — 5 тонаў; вялікая септыма (в. 7) — 5 1/2 тону; чыстая актава (ч. 8) — 6 тонаў.
Састаўныя І.: нона (м. і в.), дэцыма (м. і в.), ундэцыма (ч. і пав.), дуадэцыма (пам. і ч.), тэрцдэцыма (м. і в.), квартдэцыма (м. і в.), квінтдэцыма (ч.).
Велічыня тонаў і паўтонаў вызначаецца муз. строем. Паслядоўна ўзятыя гукі ўтвараюць меладычныя І. (узыходныя ці зыходныя), адначасова ўзятыя — гарманічныя, якія ўваходзяць у склад акордаў, і падзяляюцца па якасці гучання на кансанансы і дысанансы. Ніжні гук наз. асновай І., верхні — вяршыняй. Перастаноўка гукаў І. на актаву, калі аснова становіцца вяршыняй і наадварот, наз. абарачэннем І., у выніку ўзнікае новы І. У сувязі з ладам І. падзяляюцца на дыятанічныя (гл. Дыятоніка) і храматычныя (гл. Храматызм). І., меншыя за паўтон, былі пашыраны ў стараж.-грэч. музыцы, вядомы ў многіх нееўрап. традыц. муз. культурах, а таксама ў некат. муз. кірунках 20 ст. (гл. Санорыка, Чвэрцьтонавая сістэма).
т. 7, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)