САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.​Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.​Дэбюсі, А.​Скрабіна, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Б.​Бартака, у «Атмасферах» Дз.​Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.​Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.​Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.​Шапэна, М.​Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.​Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.​Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.​Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.​Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).

Р.​І.​Сергіенка.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)