Пяцьдзесят чацвёрты Мінскі пяхотны полк (у Севастопальскай абароне 1854—55) 9/462

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Н,

пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Н («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел. графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).

А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМСІ́Н (араб., літар. — пяцьдзесят),

гарачы (часта да 40 °C) і сухі амаль штармавы вецер пераважна паўд. і паўд.-зах. румбаў на ПнУ Афрыкі і ў сумежных краінах Б. Усходу. Адзначаецца ў пярэдніх ч. цыклонаў, што перамяшчаюцца з пустынь Паўн. Афрыкі ў раёны Усх. Міжземнамор’я. Дзьме каля 50 сут у годзе, звычайна ў сак.-маі. Пераносіць шмат пяску і пылу, часта суправаджаецца аптычнымі з’явамі (міражы і фата-маргана).

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЎСЦІК Аркадзь Апанасавіч (н. 15.11.1925, в. Чыкілі Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). З 1950 на камсамольскай рабоце (з 1952 у ЦК ЛКСМБ), з 1953 у газ. «Чырвоная змена», з 1960 у ЦК КПБ (з 1961 заг. сектара, з 1969 нам. заг. аддзела), з 1973 рэдактар газ. «Звязда». У 1987—2000 працаваў у Бел. фондзе культуры. Аўтар кніг «Маё і наша» (1963), «Пяцьдзесят векапомных год» (1968), «Я люблю цябе, жыццё» (1970), «Вяртанне да вытокаў сваіх» (2000). У 1973—87 старшыня праўлення Саюза журналістаў Беларусі.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́НДАР Крышан (19.11.1913, г. Вазірабад, Індыя — 7.3.1977),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Лахорскі ун-т (1937). Пісаў на мове урду. Першы раман «Паражэнне» (1944) адметны спалучэннем рэалізму з рамант. ідэалізацыяй тагачаснага жыцця. У раманах «Пяцьдзесят дзве карты» (1956), «Сярэбраная рана» (1964), аповесцях «Дарога вядзе назад» (1961), «Перад другім снегападам» (1967), «Чынары маіх успамінаў» (1968) і інш. лёсы творчай інтэлігенцыі, жыццё сялян і гар. беднаты, надзённыя праблемы інд. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. рамана-трылогіі «Прыгоды асла» (1958—65) і інш. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў У.​Шчасны.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1957;

Рус. лер. — Избранное. М., 1955;

Мать ветров. М., 1957;

Вор. М., 1962;

Когда пробудились поля;

Чинары моих воспоминаний;

Рассказы. М., 1972.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),

1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.

2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш. літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.​Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.​Бядулі, «Шлях з цемры» Я.​Маўра, «Свая аповесць» Я.​Скрыгана, «Сцежкі» А.​Пальчэўскага, «Споведзь» Л.​Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.​Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж. бел. л-ры — дыярыуш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́КА Янка (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.

Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.​Колас, К.​Чорны, К.​Крапіва, І.​Мележ, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.

Тв.:

Няходжанай дарогай. Мн., 1973;

Голас часу. Мн., 1975;

Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.

В.​А.​Каваленка.

Я.Казека.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДКЕ́ВІЧ Тарас Канстанцінавіч (7.3.1912, в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.8.1975),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Вучыўся ў Полацкім пед. тэхнікуме (1927—29), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). У 1936—41, 1945—1950 працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Чырвоная змена». «Звязда», «Літаратура і мастацтва», у 1953—72 — літ. кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1925. Першы зб. вершаў «Смялей, таварыш!» (1932). Аповесць «Вяснянка» (1948), раман «Даль палявая» (1957—58) пра жыццё бел. пасляваен. вёскі. Раман «Песня Дзвіны» (1972) пра людзей новабудоўляў на Зах. Дзвіне. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Братэрства» (1948), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), апавяданняў і нарысаў «Мая Беларусь» (1961), «Нафтагігант на Дзвіне» (1963), «Сад у квецені» (1966). Пісаў для дзяцей: «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Мы раскажам пра Мінск» (1964). На бел. мову пераклаў кнігі М.​Горкага «У Амерыцы» (1952) і «Апавяданні» (1955), раман А.​Чайшвілі «Лело» (1953).

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

Ад палёў наддзвінскіх: [Аўтабіяграфія] // Пяцьдзесят чатыры дарогі. Мн., 1963.

Літ.:

Кухараў С. Зачараваны красою Наддзвіння... // Полымя, 1982. № 9.

І.​І.​Разанаў.

Т.К.Хадкевіч.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫШЭ́ВІЧ Аркадзь Дзмітрыевіч (8.8.1912, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 18.1.1967),

бел. пісьменнік. Скончыў Кудымкарскае пед. вучылішча (1940). З 1930 настаўнік у Пермскай вобл., у 1950—57 дырэктар Насовіцкай і Свірскай школ у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў апавяданняў «Суседзі» (1956), «Марцін Когут» (1958), «Праз зімы і вёсны» (1960), «Новы дом» (1967), у якіх псіхалагічна тонка даследуе жыццё чалавека, раскрывае багацце і разнастайнасць яго эмацыянальнага свету. Раман «Світанне» (1955) пра палескую вёску першых паслякастр. гадоў, раман-хроніка «Засценак Малінаўка» (кн. 1—2, 1961—64) пра бел. вёску напярэдадні рэвалюцыі 1905—07. Творчасці Ч. ўласцівы дакладнае веданне вясковага побыту, сял. псіхалогіі, грунтоўная распрацаванасць вобразаў і малюнкаў бел. прыроды, аналітызм, багатая мова. Пісаў для дзяцей: цыкл апавяд. «Лета» (1940), аповесці «У адной сям’і» (1951), «На сажалках» (1954), зб. апавяд. «Зосін лужок» (1952), «Апавяданні старога Арцёма» (1958).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1979;

Аўтабіяграфія // Пяцьдзесят чатыры дарогі. Мн., 1963.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Куляшоў Ф. Шлях да майстэрства // Полымя. 1972. № 8;

Шыловіч А. Жаданая сустрэча // Там жа. 1980. № 7.

А.​М.​Шыловіч.

А.​Дз.Чарнышэвіч.

т. 17, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́НАЎ Анатоль Дзмітрыевіч (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.​Ільфа і Я.​Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.​Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.​Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш. Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Хлудава («Бег» М.​Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.

Літ.:

Линецкая М. А.​Папанов. М., 1972.

А.​Дз.Папанаў.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)