АЎТАБІЯГРА́ФІЯ
(ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш. літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж. бел. л-ры — дыярыуш.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)