РЫБАКО́Ў (Анатоль Навумавіч) (14.1.1911, г. Чарнігаў, Украіна — 23.12.1998),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1934). У 1933—36 рэпрэсіраваны. Прыгодніцкая трылогія для юнацтва «Корцік» (1948, экранізацыя 1954), «Бронзавая птушка» (1956, экранізавана), «Стрэл» (1975, фільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974) пра падзеі грамадз. вайны і нэпа. Раманы «Вадзіцелі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і «Кацярына Вароніна» (1955, аднайм. фільм 1957) на вытв. тэму. У трылогіі «Дзеці Арбата» (1987), «Страх» (1990), «Прах і попел» (1994) праз лёсы пакалення 1930-х г. паказаны час «культу асобы». Аўтар трылогіі для юнацтва «Прыгоды Кроша» (1960, аднайм. фільм 1962), «Канікулы Кроша» (1966) і «Невядомы салдат» (1970), раманаў «Лета ў Сасняках» (1964), «Цяжкі пясок» (1978), аўтабіягр. «Рамана-ўспаміну» (1997) і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову аповесць «Корцік» пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981—82;
Избр. произв.: В. 3 т. Т. 1—2. М., 1991;
Тяжелый песок. М., 2000;
Дети Арбата. М., 2000;
Страх. М., 2000;
Прах и пепел. М., 2000;
Бел.пер. — Вадзіцелі. Мн., 1953;
Корцік. Мн., 1959.
Літ.:
Старикова Е. А.Рыбаков. М., 1977;
С разных точек зрения: «Дети Арбата» Анатолия Рыбакова. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш),
аднарадковік, верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.Карамзіну:
Покойся, милый прах, до радостного утра.
Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС ((Jones) Джон Пол) (6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),
ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас.ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),
верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш.еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.Багдановіч:
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах, Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл.Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш.слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),
расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,
архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.С.Амельянюка (1980, скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прахрас. пісьменніка К.Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.Каліноўскага (скульпт. В.Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.Буралкін, арх. А.Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.С.Амельянюка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),
італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.