БАРАВІКО́ВА (Раіса Андрэеўна) (н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ШАК ((Hašek) Яраслаў) (30.4.1883, Прага — 3.1.1923),

чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ. чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел. пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.Зарэцкага, К.Крапівы, М.Лужаніна, К.Вашыны (Л.Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.Кляшторны, З.Астапенка, К.Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.Баршчэўскі, Л.Каўрус, В.Крайко, А.Мажэйка, П.Марціновіч і інш.

Тв.:

Бел. Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;

Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;

Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1983—85.

Літ.:

Шубин Г. Я.Гашек. М., 1982;

Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.

І.В.Шаблоўская.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.А.Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)