СМУГЛЕ́ВІЧ Францішак (6.10.1745, Варшава — 18.9.1807),
жывапісец, графік, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Польшчы, Літвы, Беларусі, Расіі. Вучыўся ў бацькі Л.Смуглевіча і Ш.Чаховіча. У 1763—84 у Рыме, вучыўся ў А.Марана, з 1766 у акадэміі св. Лукі; разам з В.Брэна размалёўваў золатам гроты. У 1784—97 у Варшаве, у 1797—1807 праф. жывапісу і малюнка ў Віленскім ун-це. Удзельнічаў у размалёўцы інтэр’ераў Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (1800—01; не зберагліся), аформіў т.зв. залу Смуглевіча ў б-цы Віленскага ун-та (разам з братам Антоніем), выканаў шэраг станковых карцін і манум. размалёвак у храмах Беларусі (Мінск, Гродна, Полацк, Рэчыца і інш.), Літвы і Польшчы. Працаваў у жанрах гіст., батальным, партрэта, ствараў алегарычныя і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Смерць Марыі» (1784), «Св. Іаан-Хрысціцель», «Прыгавор аб выгнанні Арыстыда», «Перамога Аляксандра над Дарыем», «Юдзіф», «Бітва каля Берасцечка ў 1651», «Развітанне апосталаў Пятра і Паўла» (1805), «Персідскія паслы ў караля Марока», «Пасольства скіфаў у Дарыя», «Бітва пры Хаціне ў 1673», «Польскія сяляне за сталом», «Літоўскія сяляне», «Прысяга Т.Касцюшкі на Кракаўскім рынку», «Уступленне Баляслава Храбрага ў Кіеў», «Сяляне ў нацыянальным адзенні», «Сцэна з сялянскага жыцця»; партрэты Ю.Пешкі, Р.Пшаздзецкага, сям’і Тышкевічаў, епіскапа Гедройца, старой жанчыны, сям’і К.Прозар, аўтапартрэт і інш. Афармляў кнігі, выканаў каля 150 малюнкаў. Сярод яго вучняў мастакі І.Аляшкевіч, Ю.Пешка.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—XX в. Мн., 1974.
Л.Н.Дробаў.
Ф.Смуглевіч. Аўтапартрэт.Ф.Смуглевіч. Персідскія паслы ў караля Марока.