СВАЯ́ТЫЧЫ,
вёска ў Жарабковіцкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Ведзьма. За 16 км на ПнУ ад г. Ляхавічы, 236 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 342 ж., 148 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — парк (2-я пал. 18 ст.).
Вядомы з 1506 як мястэчка ў ВКЛ, уласнасць Петкавічаў; у 16—18 ст. у Новагародскім пав. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай, у 1842—1920 — Мінскай губ. (у 1919—20 у Баранавіцкім пав.). У 1886—705 ж., 75 двароў, царква. У 1-й чвэрці 19 ст. М.Абуховіч пабудаваў у С. палац у стылі позняга класіцызму, дзе размяшчаліся карцінная галерэя (творы Ю.Пешкі, Ф.Рушчыца і інш.), габелены, архіў уладальніка маёнтка, б-ка (5 тыс. тамоў). Зборы загінулі ў 1-ю сусв. вайну. У 1920—39 С. ў складзе Польшчы, мястэчка ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 715 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 вёска ў Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай, з 1954 — Брэсцкай абл.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)