Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМАТЫ́Ў (франц. locomotive ад лац. loco moveo зрушваю з месца),
самаходная цягавая машына для перамяшчэння па рэйкавым пуці цягнікоў або асобных вагонаў; частка чыг.рухомага саставу.
Бываюць з эл. рухавіком (электравоз), дызелем (цеплавоз, матавоз), газавай турбінай (газатурбавоз), паравой машынай (паравоз) і камбінаваныя (напр., дызель-электравоз). Функцыі Л. выконваюць таксама маторныя вагоны ў складзе дызель-паяздоў, аўтаматрысы. Адрозніваюць Л. магістральныя, манеўровыя, прамысловыя, у т. л. тыя, што працуюць на кар’ерах, у рудніках, на ўнутрызаводскіх пуцях і інш.
Лакаматывы: 1 — першы лакаматыў (створаны англійскім вынаходнікам Р.Трэвіцікам у 1804); 2 — «лакамашына» (першы Паравоз на дзяржаўнай чыгунцы Англіі, пабудаваны ў 1825); 3 — пасажырскі паравоз (1915, Расія); 4 — цеплавоз ТЭ-3 (СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРКО́ВІЧ (Марыя Веньямінаўна) (26.12.1910, г. Беразіно Мінскай вобл. — 19.9-1993),
бел. мастак кіно і жывапісец. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1939). У 1954—75 мастак па касцюмах на кінастудыі «Беларусьфільм» (касцюмы да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Чырвонае лісце», «Апошні хлеб», «Доўгія вёрсты вайны» і інш.). Майстар акварэлі — пейзажы Раўбічаў, Мінска, Рыжскага ўзмор’я і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫЧО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),
бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.
бел. кампазітар, дырыжор, піяніст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання (1934). На Беларусі з 1939. У 1940—47 у Дзярж. джаз-аркестры БССР, з 1949 канцэртмайстар Белдзяржэстрады, у 1958—61 маст. кіраўнік і гал. дырыжор канцэртна-эстраднага аркестра Бел. радыё. Сярод твораў муз. камедыя «Даліна шчасця» (паст. 1957); араторыя «Маёй Радзіме» (1963); Сюіта на тэмы польскіх нар. танцаў і Балетная сюіта для сімф.арк.; Канцэрт для скрыпкі з арк. (1955), «Ваенная фантазія», Фантазія на тэмы песень У.Алоўнікава (для эстр.арк.), музыка да кінафільмаў «Паўлінка», «Зялёныя агні», «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Каханнем трэба даражыць» (усе ў сааўт.), «Наперадзе круты паварот» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Леў Уладзіміравіч) (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),
бел. кінарэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў ў Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛ, Ньюкасл-эпон-Тайн (Newcastle upon Tyne),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі. Адм. ц. графства Тайн-энд-Уір і гал. горад канурбацыі Тайнсайд. Вядомы з апошніх стагоддзяў да н.э. Каля 300 тыс.ж., у межах графства больш за 1,3 млн.ж. (1999). Порт на р. Тайн, паблізу ад яе ўпадзення ў Паўночнае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць катлоў, турбін, горнашахтавага абсталявання, эл.-тэхн., хім., харчовая. База рыбалоўства. Метрапалітэн. Ун-т. Муніцыпальная маст. галерэя. Музей навукі і тэхнікі (экспануецца паравоз Дж.Стэфенсана). Захаваліся рэшткі рымскага вала (2 ст.н.э.), гар. муроў (з 1265), раманскі замак (каля 1080), данжон (1172—77), «Чорныя вароты» (сярэдзіна 13 ст.), познагатычны сабор (каля 1216—1359), ратуша (сярэдзіна 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.Розава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Анатоль Валянцінавіч) (25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),
бел. графік. Сын В.В.Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.Коласа, «Баранаў Васіль» А.Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.Лынькова, зборнікі бел.нар. казак у апрацоўцы А.Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.