ПАРАВО́З,

лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.

Створаны ў Вялікабрытаніі Р.​Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.

Паравозы: а — Дж.​Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)