адно са злачынстваў супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы. Заключаецца ў распаўсюджванні заведама лжывых звестак, якія ганьбяць інш. асобу, у друкаваным або інш. спосабам размножаным творы, у ананімным лісце, або асобай, што раней прыцягвалася да адм. адказнасці за П. ці абразу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРХА́НАЎ (Аслі Бадрыдзінавіч) (н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),
таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.Саідмурадава і У.Ісмаілава), Сафар («У агні» С.Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),
туркменскі драматург. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПНІ́СТ (Васіль Васілевіч) (23.2.1758 або 1757, с. Вялікая Абухаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1823),
расійскі паэт і драматург, адзін з прадстаўнікоў класіцызму. Выступаў у жанры оды, элегіі, анакрэантычнага верша, камедыі. Папулярнасць прынёс вершаваны твор «Сатыра першая» (1780), накіраваны супраць невуцтва, заганных якасцей характару дваран. Аўтар грамадз. антыпрыгонніцкіх твораў «Ода на рабства» (1783, апубл. 1806), «Ода на знішчэнне ў Расіі звання раба» (1786). Бюракратызм, прадажнасць тагачаснага суда і інш. негатыўныя сац. з’явы паказаны ў вершаванай сатыр. камедыі «Паклёп» (паст. 1798; першапачаткова наз. «Паклёпнік», 1793, забаронена цэнзурай). «Лірычныя творы» (1806) К. прасякнуты перадрамантычнымі матывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКІН (Мікалай Аляксеевіч) (25.12.1859, Масква — 17.12.1930),
рускі жывапісец. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1903). Нар.маст. Рэспублікі (1923). Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—83) у В.Пярова, выкладаў там у 1894—1917. Член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1891), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). У ранні перыяд ствараў познаперасоўніцкія жанравыя карціны («Саперніцы», 1890; «Паклёп», 1893). Адзін з першых звярнуўся да тэмы побыту і працы рус. рабочых: «Шахцёрка», «Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце» (абедзве 1894), «Вуглякопы. Змена» (1895) і інш. Аўтар работ, прысвечаных рэв. 1905—07: «Рабочы-баявік» (1905), «Атака завода работніцамі» (1906). Пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы, імкнуўся да стварэння вобраза сав. чалавека: «За вучобу. Піянерка з кнігамі» (1926), «Селькорка» (1927).
Літ.:
Серова Г.Н. А.Касаткин. Л., 1970.
М.Касаткін. Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце. 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,
помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».
Публ.: Рус.пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,
у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЧЭ́ЛІ (Botticelli; сапр.Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра
(каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАБІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. syllabe склад),
сістэма вершаскладання, заснаваная на аднолькавай колькасці складоў у паэтычных радках. Характэрна для моў з пастаянным націскам (франц., польскай, чэшскай і інш.). Рытмаўтваральную ролю ў С.в. адыгрывае таксама цэзура і метрычная канстанта. Найб. дасканаласці С.в. дасягнула ў франц. і італьян. паэзіі 11—12 ст. У 15 ст. засвоена польскай л-рай. Бел. С.в. пачало фарміравацца ў пач. 16 ст. Адзін з першых бел. сілабічных вершаў — з прадмовы Ф.Скарыны да кн. «Іоў» (1517):
Богу в троици единому ко чти и ко славе,
Матери его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людем посполитым к доброму научению.
У вершы яшчэ не вытрыманы ўсе адзнакі сілабікі, але ён вызначаецца строгай рэгламентаванасцю радка, выдзяленнем яго сэнсава-інтанацыйных частак паўзамі, спалучэннем радкоў парнай рыфмай. Бел. паэты 16—17 ст. А.Рымша, Я.К.Пашкевіч, Афанасій Філіповіч і інш. ўдасканалілі форму сілабічнага верша, наблізілі яе да класічных узораў. Майстар сілабічнага верша ў бел. паэзіі 1-й пал. 17 ст. — Сімяон Полацкі, творам якога ўласцівы ўсе вызначальныя адзнакі сілабікі:
Паче нетерпимую / смерть себе избрати,
Неже оскверненную / плоть свою предати.
(«Паклёп»).
У 1664 Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву, дзе паклаў пачатак рус. С.в., якое праіснавала да 1-й трэці 18 ст. (выйшла з ужытку ў выніку рэформы В.Традзьякоўскага—М.Ламаносава).
У бел. паэзіі С.в. сустракалася да 19 ст. Сярод яго прадстаўнікоў Я.Баршчэўскі («Дзеванька»), Я.Чачот («Да мілых мужычкоў»), В.Дунін-Марцінкевіч («Халімон на каранацыі»), Ф.Багушэвіч («У судзе») і інш.Бел. сілабічная паэзія 19 ст. вызначалася разнастайнасцю памераў: 15-складовік («Вечарынка» Ф.Тапчэўскага), 14-складовік («Верш Навума Прыгаворкі»), 13-складовік («Ідылія») і 12-складовік («Халімон на каранацыі»; усе Дуніна-Марцінкевіча), 11-складовік («Пакуль новы год настане» Я.Лучыны). Назіралася тэндэнцыя да 7- і 8-складовікаў («Купала» Дуніна-Марцінкевіча). Уплыў рус. сілаба-танічнага верша, а таксама сілаба-танічных форм нар. верша на бел.літ. сілабіку прывёў да яе паступовага адмірання. З канца 19 — пач. 20 ст.бел. С.в. саступіла месца сілаба-танічнаму вершаскладанню і танічнаму вершаскладанню.