АРЦЁМ (сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),

рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.​Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.​Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.​Тургенева).

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),

арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).

П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НШЫН Міхаіл Міхайлавіч (2.11.1902, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 16.12.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1955). З 1922 вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага Маст. акад. т-ра, з 1924 акцёр гэтага т-ра. Адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік цыганскага т-ра «Рамэн», у 1950—63 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра імя К.​Станіслаўскага. Яго акцёрскаму мастацтву характэрны спалучэнне камічнага з трагічным, драматызму з лірычнасцю, тонкі гумар. Сярод роляў: Ларывосік («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Градабоеў, Маргарытаў, Мамаеў («Гарачае сэрца», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.​Тургенева), Ферапонт і Чабутыкін, Цялегін, Сімяонаў-Пішчык, Сорын («Тры сястры», «Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), сэр Пітэр Тызл («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), Францішак Абель («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка) і інш. Паставіў спектаклі: «Беспасажніца» Астроўскага (1953), «Дні Турбіных», «Чайка» (абодва 1954) і інш. З 1928 здымаўся ў кіно: «Паручнік Кіжэ», «Рэвізор», «Шведская запалка», «Дванаццатая ноч» і інш. Аўтар радыёмемуараў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Дзярж. прэмія СССР 1975.

Л.​В.​Календа.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАХЛО́Ў Канстанцін Паўлавіч (1.11.1885, Масква — 1.1.1956),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1908). З 1908 акцёр Малога Маст. т-ра, з 1921 акцёр, гал. рэжысёр ( з 1954) Вял. драм. т-ра ў Ленінградзе, з 1925 рэжысёр Ленінградскага акад. т-ра драмы, з 1931 — Малога т-ра. У 1938—54 маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Кіеўскага рус. т-ра імя Л.​Украінкі. З 1922 выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя Шчэпкіна, Кіеўскім і Ленінградскім (з 1946 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога), Гарацыо, Марк Антоній («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Ялецкі («Нахлебнік» І.​Тургенева) і інш. Паставіў: «Блізняты» Плаўта (1923), «Настаўнік Бубус» А.​Файко (1925), «Даходнае месца» (1928) і «Ваўкі і авечкі» (1935) А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1928), «Ворагі» (1933, 1951) і «Зыкавы» (1940) М.​Горкага, «Каменны ўладар» Л.​Украінкі (1939, 1946), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943, 1944), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1945), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1946), «Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана (1955) і інш. Яго рэжысёрскія работы адметныя жыццёвай праўдай, дакладнай перадачай задумы аўтара. З 1916 здымаўся ў кіно: «Кастусь Каліноўскі», «Вялікі суцяшальнік», «Падарожжа на Арзрум».

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРКО́Ў Барыс Пятровіч (13.8.1901, с. Лазавая-Паўлаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 28.5.1982),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтва (1926). З 1925 акцёр ленінградскіх т-ра юнага гледача, з 1931 Новага т-ра юнага гледача. З 1945 у маскоўскіх т-ры-студыі кінаакцёра (і маст. кіраўнік), драм. т-рах імя А.​Пушкіна, з 1966 імя М.​Гогаля. Выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (праф.). Яго выканальніцтва вылучалася прастатой, характарнасцю, гумарам. Сярод роляў: Тыль Уленшпігель («Тыль Уленшпігель» паводле Ш. дэ Кастэра), Сямён («Плады асветы» Л.​Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» Пушкіна), Кузаўкін («Нахлебнік» І.​Тургенева), Лебедзеў («Іванаў» А.​Чэхава), Распуцін («Змова імператрыцы» А.​Талстога і П.​Шчогалева), Мурамскі («Справа» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1928 здымаўся ў кіно: трылогія «Юнацтва Максіма», «Вяртанне Максіма», «Выбаргская старана» (1935—39); «Глінка» (1947), «Суд гонару» (1949), «Данецкія шахцёры» (1952), «Верныя сябры» (1954), «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Мяцежная застава» (1967), «Гараджане» (1976) і інш. Аўтар успамінаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1949, 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979. Творчасці Ч. прысвечаны фільм «Наш сябар Максім» (1972).

Тв.:

Опыт и раздумья: Об искусстве актера. М., 1964;

Рассказы о творческом пути. М., 1965;

Про нас, про актеров. 2 изд. М., 1970;

...Азорские острова. 2 изд. М., 1982.

Літ.:

Жежеленко М. Борис Чирков // Актеры советского кино. Л., 1974. Вып. 10.

Л.​В.​Календа.

Б.Чыркоў у ролі Самазванца.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРГЕ́НЕЎ Іван Сяргеевіч (9.11.1818, г. Арол, Расія — 3.9.1883),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1833—34), скончыў Пецярбургскі ун-т (1837). Літ. дзейнасць пачаў як паэт — рамант. вершы і паэма «Сцяно» (нап. 1834, апубл. 1913). На фарміраванне яго літ.-эстэт. поглядаў паўплываў В.​Бялінскі. Пад уплывам натуральнай школы напісаў паэму «Памешчык» (1846), аповесць «Петушкоў» (1848), пачаў развенчваць рамантычнага, «дэманічнага» героя (аповесці «Андрэй Коласаў», 1844; «Тры партрэты», 1846; «Брэтэр», 1847). У цыкле апавяданняў «Запіскі паляўнічага» паказ духоўных якасцей і адоранасці рус. сялянства, паэтызацыя прыроды. У гогалеўскіх традыцыях напісаны п’есы «Безграшоўе» (1846), «Нахлебнік» (1848, апубл. 1857), «Месяц у вёсцы» (1855), «Снеданне ў прадвадзіцеля» (паст. 1849) і інш. Сацыяльныя, маральныя і духоўныя праблемы ў аповесцях «Муму» (1854), «Заезны дом» (1855). У лірыка-філас. аповесцях «Дзённік лішняга чалавека» (1850), «Паездка ў Палессе» (нап. 1853—57), «Зацішша» (1854), «Якаў Пасынкаў» (1855), «Перапіска», «Фауст» (абедзве 1856), «Ася» (1858), «Першае каханне» (1860) тып «лішняга чалавека», псіхалагічна глыбокія жаночыя характары, гісторыі трагічнага, нераздзеленага кахання. У рамане «Рудзін» (1856) тэма «лішняга чалавека» раскрыта глыбей і шырэй. Адно з найвялікшых яго маст. дасягненняў — раман «Дваранскае гняздо» (1859). У аснове рамана «Напярэдадні» (1860) думка пра неабходнасць свядома-гераічнай асобы. Раман «Бацькі і дзеці» (1862) пра ідэйныя, сац., філас., эстэт. спрэчкі 1860-х г. Пазней у творах Т. з’явіліся песімістычныя настроі (аповесці «Здані», 1864; «Даволі», 1865; раман «Дым», 1867). У перыяд народніцкага руху вярнуўся да вобраза «лішняга чалавека» (аповесць «Веснавыя воды», 1872) і гераічнай тэмы (раман «Новае», 1877). У кн. «Вершы ў прозе» (ч. 1, 1882) роздум над жыццём, сутнасцю паэзіі. Т. — мастак-рэаліст, тонкі псіхолаг, пранікнёны лірык. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. л-ры. У 19 — пач. 20 ст. ўрыўкі з яго твораў перадрукоўваліся ў газетах, што выходзілі на Беларусі. Шырока адзначыла бел. дэмакр. грамадскасць яго юбілейныя даты. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апублікаваны ў газ. «Наша ніва». З 1860-х г. п’есы Т. вядомы бел. гледачу. Іх паказвалі мясц. і прыезджыя тэатр. калектывы; п’есы «Нахлебнік», «Безграшоўе» і «Месяц у вёсцы» былі і ў рэпертуары бел. аматарскіх калектываў. Інсцэніроўкі рамана «Напярэдадні» былі ўвасоблены на сцэнах Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1950), Гродзенскага абл. драм. т-ра (1952), рамана «Дваранскае гняздо» — абл. драм. т-раў Брэсцкага (1950) і Пінскага (1953), п’еса «Месяц у вёсцы» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1996). На Бел. тэлебачанні паводле твораў Т. паст. фільмы «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Зацішша» (1982), «Бацькі і дзеці» (1984). Творчасць пісьменніка даследавалі бел. літ.-знаўцы А.​Вазнясенскі, І.​Замоцін. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі Я.​Сіпакоў, Я.​Шарахоўскі, У.​Шахавец, В.​Шашалевіч, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. [1—28]. М., 1960—68;

Полн. собр. соч.: В 30 т. Т. [1—24], 2 изд. М., 1978—2001;

Бел. пер. — Выбр. апавяданні. Мн., 1947;

Апавяданні. Мн., 1937;

Апавяданні. Мн., 1939;

Запіскі паляўнічага. Мн., 1951;

Рудзін;

Напярэдадні. Мн., 1952;

Вершы ў прозе. Мн., 1994.

Літ.:

Замоцін І. І.​С.​Тургенеў // Зап. Ін-та літаратуры і мастацтва БелАН. 1934. Кн. 2;

Пустовойт П.Г. И.​С.​Тургенев — художник слова. М., 1980;

И.​С.​Тургенев в воспоминаниях современников. Т. 1—2. 2 изд. М., 1983;

Муратов А.Б. Тургенев-новеллист (1870—1880-е г.). Л., 1985;

Роман И.С. Тургенева «Отцы и дети» в русской критике. Л., 1986;

Вишневская И.Л. Театр Тургенева: (Некоторые пробл. интерпретации классики на сов. сцене). М., 1989;

Набоков В.В. Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев: Пер. с англ. М., 1998;

Топоров В.Н. Странный Тургенев. М., 1998.

Н.​В.​Галаўко, Л.​А.​Суднік.

І.С.Тургенеў.

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)