ТУРГЕ́НЕЎ Іван Сяргеевіч (9.11.1818, г. Арол, Расія — 3.9.1883),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1833—34), скончыў Пецярбургскі ун-т (1837). Літ. дзейнасць пачаў як паэт — рамант. вершы і паэма «Сцяно» (нап. 1834, апубл. 1913). На фарміраванне яго літ.-эстэт. поглядаў паўплываў В.​Бялінскі. Пад уплывам натуральнай школы напісаў паэму «Памешчык» (1846), аповесць «Петушкоў» (1848), пачаў развенчваць рамантычнага, «дэманічнага» героя (аповесці «Андрэй Коласаў», 1844; «Тры партрэты», 1846; «Брэтэр», 1847). У цыкле апавяданняў «Запіскі паляўнічага» паказ духоўных якасцей і адоранасці рус. сялянства, паэтызацыя прыроды. У гогалеўскіх традыцыях напісаны п’есы «Безграшоўе» (1846), «Нахлебнік» (1848, апубл. 1857), «Месяц у вёсцы» (1855), «Снеданне ў прадвадзіцеля» (паст. 1849) і інш. Сацыяльныя, маральныя і духоўныя праблемы ў аповесцях «Муму» (1854), «Заезны дом» (1855). У лірыка-філас. аповесцях «Дзённік лішняга чалавека» (1850), «Паездка ў Палессе» (нап. 1853—57), «Зацішша» (1854), «Якаў Пасынкаў» (1855), «Перапіска», «Фауст» (абедзве 1856), «Ася» (1858), «Першае каханне» (1860) тып «лішняга чалавека», псіхалагічна глыбокія жаночыя характары, гісторыі трагічнага, нераздзеленага кахання. У рамане «Рудзін» (1856) тэма «лішняга чалавека» раскрыта глыбей і шырэй. Адно з найвялікшых яго маст. дасягненняў — раман «Дваранскае гняздо» (1859). У аснове рамана «Напярэдадні» (1860) думка пра неабходнасць свядома-гераічнай асобы. Раман «Бацькі і дзеці» (1862) пра ідэйныя, сац., філас., эстэт. спрэчкі 1860-х г. Пазней у творах Т. з’явіліся песімістычныя настроі (аповесці «Здані», 1864; «Даволі», 1865; раман «Дым», 1867). У перыяд народніцкага руху вярнуўся да вобраза «лішняга чалавека» (аповесць «Веснавыя воды», 1872) і гераічнай тэмы (раман «Новае», 1877). У кн. «Вершы ў прозе» (ч. 1, 1882) роздум над жыццём, сутнасцю паэзіі. Т. — мастак-рэаліст, тонкі псіхолаг, пранікнёны лірык. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. л-ры. У 19 — пач. 20 ст. ўрыўкі з яго твораў перадрукоўваліся ў газетах, што выходзілі на Беларусі. Шырока адзначыла бел. дэмакр. грамадскасць яго юбілейныя даты. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апублікаваны ў газ. «Наша ніва». З 1860-х г. п’есы Т. вядомы бел. гледачу. Іх паказвалі мясц. і прыезджыя тэатр. калектывы; п’есы «Нахлебнік», «Безграшоўе» і «Месяц у вёсцы» былі і ў рэпертуары бел. аматарскіх калектываў. Інсцэніроўкі рамана «Напярэдадні» былі ўвасоблены на сцэнах Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1950), Гродзенскага абл. драм. т-ра (1952), рамана «Дваранскае гняздо» — абл. драм. т-раў Брэсцкага (1950) і Пінскага (1953), п’еса «Месяц у вёсцы» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1996). На Бел. тэлебачанні паводле твораў Т. паст. фільмы «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Зацішша» (1982), «Бацькі і дзеці» (1984). Творчасць пісьменніка даследавалі бел. літ.-знаўцы А.​Вазнясенскі, І.​Замоцін. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі Я.​Сіпакоў, Я.​Шарахоўскі, У.​Шахавец, В.​Шашалевіч, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. [1—28]. М., 1960—68;

Полн. собр. соч.: В 30 т. Т. [1—24], 2 изд. М., 1978—2001;

Бел. пер. — Выбр. апавяданні. Мн., 1947;

Апавяданні. Мн., 1937;

Апавяданні. Мн., 1939;

Запіскі паляўнічага. Мн., 1951;

Рудзін;

Напярэдадні. Мн., 1952;

Вершы ў прозе. Мн., 1994.

Літ.:

Замоцін І. І.​С.​Тургенеў // Зап. Ін-та літаратуры і мастацтва БелАН. 1934. Кн. 2;

Пустовойт П.Г. И.​С.​Тургенев — художник слова. М., 1980;

И.​С.​Тургенев в воспоминаниях современников. Т. 1—2. 2 изд. М., 1983;

Муратов А.Б. Тургенев-новеллист (1870—1880-е г.). Л., 1985;

Роман И.С. Тургенева «Отцы и дети» в русской критике. Л., 1986;

Вишневская И.Л. Театр Тургенева: (Некоторые пробл. интерпретации классики на сов. сцене). М., 1989;

Набоков В.В. Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев: Пер. с англ. М., 1998;

Топоров В.Н. Странный Тургенев. М., 1998.

Н.​В.​Галаўко, Л.​А.​Суднік.

І.С.Тургенеў.

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)