асінхронная машына, якая працуе ў рухальным рэжыме. Частата вярчэння Асінхроннага электрарухавіка рэгулюецца зменай ліку пар полюсаў, частаты сілкавальнага току, супраціўлення ў ланцугу ротара, а таксама каскадным уключэннем некалькіх машын. Напрамак вярчэння асінхроннага электрарухавіка мяняюць пераключэннем любых дзвюх фазаў абмоткі статара. Асінхронныя электрарухавікі выкарыстоўваюцца як асн. рухавікі ў электрапрыводзе. Магутнасць ад некалькіх ват да дзесяткаў мегават.
Асінхронны электрарухавік: а — статар; б — каротказамкнёны ротар; в — фазавы ротар; 1 — станіна; 2 — наборны магніта-правод; 3 — абмотка; 4 — вал; 5 — кантактавыя кольцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.
Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел.нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн.Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.
Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмы з персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.
Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РНЯ,
паліграфічнае прамысловае прадпрыемства, якое выпускае разнастайную друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы, брашуры, бланкі, ноты і інш.). На Беларусі ў залежнасці ад формы дзярж. ўласнасці існуюць Д. дзярж. (рэспубліканскія, абласныя, раённыя) і недзяржаўныя. Для забеспячэння тэхнал. працэсу Д. найчасцей маюць цэхі (наборны, формны, друкарскі, брашуровачна-пераплётны), дапаможныя службы (рамонтна-мех. цэх, падрыхтоўкі паперы), лабараторыі, складскія памяшканні і інш. У сучасных Д. найб. пашыраны афсетны друк.
Заснавальнікам першай прыватнай Д. ў Еўропе (1438) быў ням. вынаходнік друку І.Гутэнберг. Першай дзярж. Д. быў Друкарскі двор у Маскве (каля 1563).
Першая Д. на Беларусі заснавана Ф.Скарынай каля 1520 у сталіцы ВКЛ Вільні. На тэр. сучаснай Беларусі першая Д. засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. Найбольшыя ў 16—17 ст.Брэсцкія друкарні, Нясвіжская друкарня, Еўінская друкарня, Д.Мамонічаў. У 2-й пал. 18 ст. працавалі Д. Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія. На пач. 20 ст. налічвалася 123 Д. і літаграфічныя прадпрыемствы.
На 1.1.1997 у Беларусі 341 Д., у т. л. 135 дзяржаўных. Найбольшыя з іх: Вытворча-паліграфічнае прадпрыемства імя Я.Коласа, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі Дом друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОТАДРУКАВА́ННЕ,
паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.
Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).
На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл.Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.
Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.
Літ.:
Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;
Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.Міладоўскага.