МАНАТЫ́П (ад мана... + грэч. typos адбітак),

друкарская літараадліўная наборная машына, на якой радкі тэксту зададзенай даўжыні набіраюць і адліваюць з асобных літар і прагальных матэрыялаў. Менш прадукцыйны за лінатып, аднак дае магчымасць перабіраць радкі пры вёрстцы без іх пераліўкі. Прызначаны для набору і адліўкі складаных відаў тэксту (табліц, формул, навук. тэкстаў са знакамі лац. і інш. алфавітаў, слоўнікава-даведачнай л-ры). Вынайдзены ў 1897 Т.​Ланстанам (ЗША). У СССР выпускаўся з 1947.

Складаецца з наборнага і адліўнога аўтаматаў. На наборна-праграмавальным апараце робіцца праграма для кіравання літараадліўным аўтаматам на папяровай перфастужцы. на якой у выглядзе камбінацый адтулін закадзіраваны тэкст і выключка радка. Наборны літараадліўны аўтамат адлівае радкі і складае з іх гранку набору. На М. можа быць набраны тэкст кеглямі 6, 8, 10, 12 пунктаў у фарматах да 10 квадратаў. Прадукцыйнасць да 180 знакаў за мінуту. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)