ДРУКА́РНЯ,

паліграфічнае прамысловае прадпрыемства, якое выпускае разнастайную друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы, брашуры, бланкі, ноты і інш.). На Беларусі ў залежнасці ад формы дзярж. ўласнасці існуюць Д. дзярж. (рэспубліканскія, абласныя, раённыя) і недзяржаўныя. Для забеспячэння тэхнал. працэсу Д. найчасцей маюць цэхі (наборны, формны, друкарскі, брашуровачна-пераплётны), дапаможныя службы (рамонтна-мех. цэх, падрыхтоўкі паперы), лабараторыі, складскія памяшканні і інш. У сучасных Д. найб. пашыраны афсетны друк.

Заснавальнікам першай прыватнай Д. ў Еўропе (1438) быў ням. вынаходнік друку І.Гутэнберг. Першай дзярж. Д. быў Друкарскі двор у Маскве (каля 1563).

Першая Д. на Беларусі заснавана Ф.Скарынай каля 1520 у сталіцы ВКЛ Вільні. На тэр. сучаснай Беларусі першая Д. засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. Найбольшыя ў 16—17 ст. Брэсцкія друкарні, Нясвіжская друкарня, Еўінская друкарня, Д.Мамонічаў. У 2-й пал. 18 ст. працавалі Д. Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія. На пач. 20 ст. налічвалася 123 Д. і літаграфічныя прадпрыемствы.

На 1.1.1997 у Беларусі 341 Д., у т. л. 135 дзяржаўных. Найбольшыя з іх: Вытворча-паліграфічнае прадпрыемства імя Я.Коласа, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі Дом друку.

А.Л.Раковіч.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)