ШРЫФТ друкарскі,

камплект друкавальных літар, неабходных для ўзнаўлення пэўнага алфавіту, лічбаў і знакаў. Ш. адрозніваюць паводле абрысу літар (прамы, нахілены, курсіў), іх шырыні (нармальны, вузкі, шырокі), насычанасці (светлы, паўтлусты, тлусты), рысунка (гл. Гарнітура), памераў (вызначаецца кеглем). Выкарыстоўваецца ў наборнай вытв-сці (гл. Наборныя працэсы).

Наборны Ш. падзяляецца на металічны (літары або радкі тэксту адліты са спец. сплаву — гарту, бывае літара- ці радковаадліўны) і неметал. (фотанаборны, у выглядзе негатыўных або пазітыўных выяў, і дыгітальны, запісаны ў памяці ЭВМ у выглядзе лічбавых даных), тэкставы (для набору тэкстаў), тытульны (для набору загалоўкаў, тытульных лістоў, вокладак), акцыдэнтны (для набору малых друкарскіх форм — атэстатаў, дыпломаў, бланкаў), афішна-плакатны. На Беларусі Ш. падзяляюцца па гал. графічных адзнаках (кантрастнасці, наяўнасці і формах засечак) на 6 асноўных і 1 дадатковую групу, а ўнутры кожнай групы — на аднолькавыя па характары рысунка гарнітуры (напр., літаратурную, акадэмічную). Памеры Ш. — ад кегля, роўнага 4 пунктам (каля 1,5 мм), да буйных (афішных) Ш., кегль якіх роўны 15 квадратам (каля 270 мм). Ш. адліваюць на шрыфталіцейных машынах і аўтаматах, захоўваюць у наборных касах.

Першыя друкарскія Ш. створаны на аснове рукапісных (напр., славянарускі — на аснове паўустава). На аснове ўведзенага ў Расіі ў 1708 грамадзянскага шрыфту сфарміраваліся сучасны рус. Ш., бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы. У падрыхтоўцы ўзораў Ш. прымаў удзел бел. асветнік І.Ф.Капіевіч.

Літ.:

Справочник технолога-полиграфиста. Ч. 1. Наборные процессы. М., 1981;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985;

Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988.

У.​М.​Сацута.

Шрыфты друкарскія: а — светлы; б — паўтлусты; в — тлусты; 1 — прамы нармальны; 2 — прамы вузкі; 3 — прамы шырокі; 4 — курсіўны нармальны; 5 — нахілены нармальны.

т. 17, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)