АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г. спец. школа-інтэрнат.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)