ХО́ЦІМСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Беседзь пры ўпадзенні ў яе рэк Альшоўка і Жадунь. За 207 км ад Магілёва, 37 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Аўтадарогамі злучаны з Касцюковічамі і Суражам (Расія). 8 тыс. ж. (2001). Прадпрыемствы харч. прам-сці, пачатковай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў. Сельгасхімія, камбінат быт. абслугоўвання; 2 сярэднія, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Свята-Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.), царква на могілках (19 ст.), 2 жылыя дамы (пач. 20 ст.).
Засн. паміж 1695 і 1700 як слабада. У дакументах згадваецца з 1709. У 1714 у Х. 66 дымоў, млын, карчма, царква. Паводле універсала канцлера К.С.Радзівіла ад 19.10.1714 на левым беразе р. Беседзь насупраць вёскі Х. закладзена мяст. Радзівілаў; у 1727 у ім 148 дымоў, 3 вуліцы; у 1747—8 вуліц, 116 дымоў, царква Раства Багародзіцы са званіцай, сінагога, карчма, турма. З сярэдзіны 18 ст. Радзівілаў — цэнтр Бярозаўскай (Хоцімскай) вол. Крычаўскага староства, у крыніцах згадваецца як мяст. Х. Пасля 1772 Радзівілаў перайменаваны ў Х., належаў Р.А.Пацёмкіну. Спачатку быў у Крычаўскім графстве, потым у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ. У 1779—568 ж., 105 двароў. У 19 ст. мяст. Х. належала Галынскім, Кучэўскай, кн. Абаленскаму. У 1844—1828 ж., 139 двароў, 2 царквы, касцёл, у 1860—70-я г. — 5 пенькатрапальных прадпрыемстваў, маслабойня, крупадзёрка, вінакурны і піваварны з-ды.
У 1880—1849 ж., 274 дамы, валасная ўправа, нар. вучылішча, 2 царквы, 2 малітоўныя дамы, у 1897—3030 ж., 416 двароў. З крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 у складзе БССР. З 17.7.1924 да 8.7.1931 і з 12.5.1935 цэнтр Хоцімскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 — Магілёўскай акруг. У 1926—2,9 тыс. ж. У 1931—35 у складзе Касцюковіцкага р-на, са студз. 1938 у Магілёўскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 15.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 700 жыхароў. 23.10.1941 партызаны дыверсійна-разведвальнага атрада НКДБ СССР і 2-га Хоцімскага атрада ўчынілі ў Х. напад на ням. гарнізон. Вызвалены 26.9.1943 у ліку першых райцэнтраў Беларусі войскамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943. З 17.4.1962 да 30.7.1966 у складзе Касцюковіцкага р-на.
А.А.Мяцельскі.
т. 17, с. 52