САПО́ЦКІН,
гарадскі пасёлак у Гродзенскім р-не, на аўтадарозе, якая злучае яго з г. Гродна. За 21 км на ПнЗ ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага, з 1793 — Гродзенскага ваяв. ВКЛ. Меў уласны герб. З 1795 у складзе Усх. Прусіі, з 1807 у Варшаўскім герцагстве, з 1815 у Рас. імперыі — у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 у Аўгустоўскай, з 1867 у Сувалкаўскай губ. У 1858 С. — мястэчка (1568 ж., 160 дамоў, касцёл, царква, пошта, маслабойня) і маёнтак. У 1897—3900 ж., выраб кафлі, цэментных пліт, шкла, масла. У 1900 С. — пасёлак, 6595 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1921—1774 ж., 294 дамы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Сапоцкінскага раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў сапоцкінскім лагеры смерці 539 чал., 15.6.1944 расстралялі 70 чал. 18.7.1944 С. вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944. З 1959 у Гродзенскім р-не.
У пасёлку лесазавод, упраўленне біял. заказніка Сапоцкінскі, ПТУ сельскай гаспадаркі, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Сапоцкінскія капліцы, касцёл Успення Дзевы Марыі і царква (пач. 20 ст.). 3 брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. На зах. ускраіне помнік археалогіі — курганны могільнік (10—11 ст.).
В.М.Князева.
т. 14, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)