ПРЫБЫ́ТКІ,
вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.А.Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.
В.В.Віталёва.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)