СТУДЗЯНЕ́Ц, Сцюдзянец,

вёска ў Беладуброўскім с/с Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. За 5 км на Пд ад горада і чыг. ст. Касцюковічы, 165 км ад Магілёва. 242 ж., 115 двароў (2002). Пач. школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Радзіма П.​М.​Лепяшынскага.

Вядома з пач. 18 ст. як мястэчка ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. У 1744 у С. школа, царква. З 1772 у Рас. імперыі, 62 ж., 15 двароў; у 1799—168 ж., 42 двары, побач размяшчалася Студзянецкая Гута. У 19 ст. мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ., уладанне Свінвінавых. У 1846 у С. дзягцярнае смаляное прадпрыемства, паташны з-д, 2 сукнавальні, 3 вінакурні, 7 вадзяных і валовы млыны, 2 заезныя дамы. У фальварку былі маслабойня (1850), нар. вучылішча (1864), канатна-льнотрапальнае прадпрыемства (1879), бальніца для сялян. У 1880 С. — уладанне Цярэшчанкі, 1571 ж., 130 двароў, валасное праўленне, 2 царквы, 2 кірмашы на год; у 1909—1531 ж., 203 двары, нар. вучылішча, прыёмны пакой. З 20.8.1924 вёска, цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акр.

В.​В.​Віталёва.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)