ІВА́НАВА, Янава,
горад, цэнтр Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Самароўка. За 132 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі на лініі Брэст—Лунінец. 16,2 тыс. ж. (1998).
Вядома з 14 ст. як в. Порхава. У 1423 падаравана Луцкаму кафедральнаму касцёлу. У 1465 Порхава перайменавана ў Янава ў гонар луцкага епіскапа Яна Ласковіча. У 15 ст. мястэчка належала Шуйскім, Ажэшкам. Да канца 18 ст. ў ВКЛ, з 1795 — у Рас. імперыі, мястэчка Кобрынскага пав. У 1897—3041 ж., 2768 будынкаў, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа, сукнавальная ф-ка, гарбарны і цагельны з-ды, маслабойня, 5 млыноў. У 1914 было 11 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у Польшчы, у Пінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Іванаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 27.6.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў І. і раёне 8,8 тыс. чал. У 1962—65 І. ў Драгічынскім р-не. З 11.3.1971 горад, 7,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, могілкі ваеннапалонных, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (рубеж 19—20 ст.).
т. 7, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)