МАРА́ЛЬНАЯ ШКО́ДА ў праве,

фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама інш. нематэрыяльныя даброты. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў суд. парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне М.ш. Як правіла, кампенсацыя М.ш. належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напр., пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (трансп. сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка М.ш. павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі М.ш. суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фіз. пакут пацярпелага і віны парушальніка, інш. акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.

А.​П.​Марыкаў.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНО́ТА, адзіноцтва,

адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац. групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.

Літ.:

Швалб Ю.М., Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,

асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,

адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР’ЕРЫ́ЗМ,

маральная якасць чалавека; імкненне да дзелавога і грамадскага поспеху, павышэння сац. статуса, дасягнення асабістага поспеху любымі сродкамі, калі не ўлічваюцца грамадскія інтарэсы. Узнікае на базе сац. і бюракратычнай іерархіі грамадства, што развіваецца ва ўмовах сац. няроўнасці. К. — адно з выяўленняў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці; кар’ерысту ўласцівы беспрынцыповасць, прыстасавальніцтва да абставін, зменлівасць поглядаў у залежнасці ад сітуацыі, абыякавасць да лёсу людзей і інтарэсаў справы. Гл. таксама Кар’ера.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НАР,

паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).

В.​А.​Паўлоўская.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве,

аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕДЭ́ЦІ ((Benedetti) Марыо) (н. 14.9.1920, г. Паса-дэ-лос-Торас, Уругвай),

уругвайскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст. Ліраэпічнай накіраванасцю адметныя зб-кі вершаў «Непазбыўны пярэдадзень» (1945), «Вершы за канторкай» (1958), «Будзённыя паэмы», «Пазнанне айчыны» (абодва 1963), «Блізкая блізкасць» (1965), «Штодзённае» (1979). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Хто з нас» (1953), «Перадышка» (1960), «Дзякуй за аганёк» (1965, рус. пер. 1969), «Дзень нараджэння Хуана Анхеля» (1971), зб-ках апавяданняў «Гэтай раніцай» (1949), «Апошняе падарожжа і іншыя апавяданні» (1951), «Жыхары Мантэвідэо» (1959), «Смерць і іншыя сюрпрызы» (1968), п’есах «Вы, напрыклад» (1957), «Рэпартаж» (1958), «Туды і назад» (1963), «Пэдра і капітан» (1979). Аўтар кн. літ.знаўчых і крытычных прац «Марсель Пруст і іншыя нарысы» (1951), «Уругвайская літаратура — стагоддзе дваццатае» (1963), «Геній і постаць Хасэ Энрыке Радо» (1966) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Поэты Уругвая. М., 1974;

Рассказы. М., 1977.

І.​Л.​Лапін.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕ́ДА ((Deledda) Грацыя) (27.9.1871, г. Нуора, Італія — 15.8.1936),

італьянская пісьменніца. Творчасць Д. зазнала ўплыў натуралізму і верызму. Вобразы роднага вострава, псіхалогія яго жыхароў адлюстраваны ў першых раманах «Кветка Сардзініі» (1892), «Сумленныя душы» (1896) і інш. Вядомасць прынёс раман «Эліяс Партолу» (1903). Паступова ў творах Д. паглыбілася маральная праблематыка («Попел», 1904, «Плюшч», 1906, і інш.). Сярод лепшых раманаў: «Галубы і ястрабы» (1912), «Трыснёг пад ветрам» (1913), «Чужая віна» (1914), «Мар’яна Сірка» (1915), «Пажар у аліўкавым гаі» (1918), «Маці» (1920). У творах 1920-х г. адыход ад традыцый натуралізму і ўзмацненне сімволікі, распрацоўка характараў і паглыбленне лірызму (раманы «Сакрэт адзінокага чалавека», 1921, «Бог жывых», 1922, і інш.). У апошніх раманах, падзеі якіх адбываюцца ў кантынентальнай Італіі, узнімаюцца агульначалавечыя праблемы («Аналена Більзіні», 1927, і інш.). Нобелеўская прэмія 1926.

Тв.:

Romanzi sardi. Milano, 1981;

Рус. пер. — Свирель в лесу: Рассказы. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

Г.Дэледа.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)