КАР’ЕРЫ́ЗМ,

маральная якасць чалавека; імкненне да дзелавога і грамадскага поспеху, павышэння сац. статуса, дасягнення асабістага поспеху любымі сродкамі, калі не ўлічваюцца грамадскія інтарэсы. Узнікае на базе сац. і бюракратычнай іерархіі грамадства, што развіваецца ва ўмовах сац. няроўнасці. К. — адно з выяўленняў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці; кар’ерысту ўласцівы беспрынцыповасць, прыстасавальніцтва да абставін, зменлівасць поглядаў у залежнасці ад сітуацыі, абыякавасць да лёсу людзей і інтарэсаў справы. Гл. таксама Кар’ера.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)