АДЗІНО́ТА,
адзіноцтва, адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац. групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.
Літ.:
Швалб Ю.М.,Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.
Я.М.Бабосаў.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)