італьянская спявачка (каларатурнае сапрана). Муз. адукацыю атрымала пад кіраўніцтвам М.Стракоша. У 1859 дэбютавала на опернай сцэне ў Нью-Йорку. Поспех прынеслі гастролі ў 1861 у т-ры «Ковент-Гардэн» (Лондан). У Італіі выступала з 1866 (т-р «Рэджа», г. Турын). У 1869—77 неаднаразова спявала ў Расіі. Апошняе выступленне ў 1914 у «Альбертхоле» (Лондан). Валодала незвычайным па прыгажосці тэмбру, чыстым, мяккім, звонкім, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам, віртуознай тэхнікай. Сярод партый: Дэздэмона, Нінета, Разіна («Атэла», «Сарока-зладзейка», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Маргарыта, Джульета («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ЎСКІЯ,
польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.
Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.
Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд.Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),
рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап.нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш.бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—30. М., 1954—66.
Літ.:
Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;
Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;
Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;
Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),
італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян.т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян.нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац.акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.