ПА́ЦІ ((Patti) Адэліна) (19.2.1843, Мадрыд — 27.9.1919),
італьянская спявачка (каларатурнае сапрана). Муз. адукацыю атрымала пад кіраўніцтвам М.Стракоша. У 1859 дэбютавала на опернай сцэне ў Нью-Йорку. Поспех прынеслі гастролі ў 1861 у т-ры «Ковент-Гардэн» (Лондан). У Італіі выступала з 1866 (т-р «Рэджа», г. Турын). У 1869—77 неаднаразова спявала ў Расіі. Апошняе выступленне ў 1914 у «Альбертхоле» (Лондан). Валодала незвычайным па прыгажосці тэмбру, чыстым, мяккім, звонкім, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам, віртуознай тэхнікай. Сярод партый: Дэздэмона, Нінета, Разіна («Атэла», «Сарока-зладзейка», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Маргарыта, Джульета («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно) і інш.
І.Л.Чэбак.
т. 12, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)