Я́КАЎЛЕЎ Юрый Васілевіч (н. 25.4.1928, Масква),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.Шчукіна (1952). Працуе ў Маскоўскім т-ры імя Я.Вахтангава. Яго мастацтва вызначаецца лёгкасцю ігры, псіхалагізмам, стрыманай эмацыянальнасцю, артыстызмам, дакладным пачуццём стылю і жанру твора, арыстакратычнасцю. Сярод роляў: Гарацыо («Гамлет» У.Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Панталоне («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Рыкарда, Каладжэра ды Спелта («Філумена Мартурана», «Вялікая магія» Э.Дэ Філіпа), Балангброк («Шклянка вады» Э.Скрыба), Кларк («Вясёлыя хлопцы» Н.Саймана), Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), Глумаў, Дудукін («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Чэхаў («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна), Казанова сямідзесяці трох гадоў («Тры ўзросты Казановы» паводле п’ес М.Цвятаевай), Богаяўленскі («Кабанчык» В.Розава) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: князь Мышкін («Ідыёт», 1958), паручнік Ржэўскі («Гусарская балада», 1962), Сціва Аблонскі («Ганна Карэніна», 1968), домакіраўнік Бунша і цар Іван Грозны («Іван Васілевіч мяняе прафесію», 1973), Бруханаў («Любоў зямная», 1975; «Лёс», 1978), Іпаліт («Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», тэлефільм, 1975). Сярод інш. фільмаў: «Ідэальны муж», «Карнавал», «Небяспечны паварот» (тэлефільм), «Зладзейка» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1970, 1994. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Літ.:
Рыбаков Ю. Ю.Яковлев // Труд актера. М., 1974. Вып. 21.
Л.В.Календа.
т. 18, кн. 1, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)