Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ДНЫ Дзям’ян
(сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.Александровіч, А.Дзяркач, А.Астрэйка, Ю.Свірка, Э.Валасевіч і інш.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА (Wajda) Анджэй
(н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы.. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.
П.К.Мазоўка.
т. 3, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)