ПАНТО́ПІДАН ((Pontoppidan) Генрык) (24.7.1857, г. Фрэдэрысія, Данія — 21.8.1943),
дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Капенгагене (1874—77). Друкаваўся з 1881. Вядомасць прынеслі аповесць «Сандынгскі прыход» і кн.апавяд. «Вясковыя абразкі» (абедзве 1883), у якіх рэалістычна паказана жыццё тагачаснага дацкага сялянства. Палемізуючы з неарамантыкамі, стварыў раманы «Начная варта» (1894), «Найвышэйшая песня» (1896), трылогію «Запаветная зямля» (1891—95), дзе панарамна адлюстравана паліт. і рэліг. жыццё краіны канца 19 ст. У шматпланавым эпічным рамане «Шчасліўчык Пер» (1898—1904) канфлікт паміж неардынарнай асобай і бяздушным навакольным светам, праблемы палітыкі, філасофіі, маралі, культуры. Песімістычнымі матывамі прасякнуты раман «Царства мёртвых» (1912—16). Змрочныя прадчуванні расчараванняў і катастроф уласцівы раману «Нябеснае царства чалавека» (1928). Аўтар аўтабіягр.кн. «Па дарозе да самога сябе» (1943). Нобелеўская прэмія 1917 (разам з К.А.Г’елерупам).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. СПб., 1913;
Счастливчик Пер.М., 1995.
Літ.:
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.