РЭМА́РК (Remarque, Remark) Эрых Марыя (22.6.1898, г. Оснабрук, Германія — 25.9.1970), нямецкі пісьменнік. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам. З 1932 у эміграцыі (Швейцарыя, ЗША) Сусв. вядомасць прынёс раман «На Заходнім фронце без перамен» (1929, экранізацыя 1980), які разам з раманамі «Вяртанне» (1931) і «Тры таварышы» (1938) склалі своеасаблівую трылогію пра 1-ю сусв. вайну і яе трагічныя наступствы ў лёсах франтавікоў, т.зв. страчанага пакалення. У раманах «Палюбі бліжняга свайго» (1940), «Трыумфальная арка» (1946, экранізацыя 1985), «Ноч у Лісабоне» (1962) тэма ням. эміграцыі, у рамане «Іскра жыцця» (1952) — фаш. канцлагераў, у сатыр. рамане «Чорны абеліск» (1956) — сац.-эканам. і псіхал. вытокаў фашызму. Раман «Час жыць і час паміраць» (1954) і драма «Апошні прыпынак» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа ў 1957) пра падзеі на сав.-герм. фронце ў 2-ю сусв. вайну. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Жыццё ў пазыку» (1959), «Цені ў раі» (выд. 1971), «Зямля запаветная» (выд. 1998, незавершаны). Рэаліст. раманы Р. адметныя прысутнасцю ў іх паэтыцы элементаў натуралізму, імпрэсіянізму і экспрэсіянізму, глыбокім псіхалагізмам, лаканізмам мовы ў спалучэнні з яе вобразнасцю. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. пасляваен. л-ры. На бел. мову раманы «На Заходнім фронце без перамен», «Тры таварышы» пераклалі Х.Шынклер, У.Папковіч.
Тв.:
Бел.пер. — На Заходнім фронце без перамен. Мн., 1931;
Тры таварышы. Мн., 1994;
Рус.пер. [Собр. соч.Т. 1—11). М., 1991;
Земля обетованная. М., 2001.
Літ.:
Сучков Б.Л. О книгах Э.М.Ремарка // Сучков Б.Л. Лики времени. М., 1976. Т. 2;
Николаева Т.С. Творчество Ремарка-антифашиста. Саратов, 1983.