МАРУА́ (Maurois) Андрэ [сапр. Эрзог

(Herzog) Эміль; 26.7.1885, г. Эльбёф, Францыя —9.10.1967], французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1938). Скончыў Руанскі ліцэй. Першыя раманы «Маўклівы палкоўнік Брамбл» (1918),

«Гаваркі доктар О’Грэдзі» (1922). Аўтар псіхал. раманаў «Бернар Кенэ» (1926), «Зменлівасць кахання» (1928), «Зямля запаветная» (1945), зб. навел «Лісты да незнаёмкі» (1953) і інш., эсэ, гіст. і літ.-знаўчых прац, кн. «Мемуары» (апубл. 1970). Майстар жанру т.зв. раманізаванай біяграфіі («Арыэль, або Жыццё Шэлі», 1923; «Байран», 1930; «Лелія, або Жыццё Жорж Санд», 1952; «Алімпіо, або Жыццё Віктора Гюго», 1954; «Тры Дзюма», 1957; «Праметэй, або Жыццё Бальзака», 1965, і інш.). У жыццеапісаннях вял. людзей асн. лічыў складанасць і супярэчлівасць асобы, цікавасць да яе ўнутр. свету, смелы пошук праўды. Яго творчасць і тэарэт. погляды спрыялі пераадоленню ўсталяванага схематычнага падыходу да адлюстравання героя і метадаў стварэння яго вобраза. Зрабіў вял. ўклад у развіццё біягр. жанру 20 ст., садзейнічаў нараджэнню «новай біяграфіі» ў канцы 1920-х г. На бел. мову асобныя навелы М. пераклалі Ю.Гаўрук, Л.Казыра, Г.Скрыган.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы. Мн., 1974;

Навелы. Мн., 1996;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992;

Байрон. Мн., 1986.

Літ.:

Наркирьер Ф.С. Андре Моруа. М., 1974;

Андре Моруа: Биобиблиогр. указ. М., 1977.

Т.Я.Камароўская.

А.Маруа.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)