ВО́ІНКАЎ Васіль Віктаравіч

(25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКШТА́НАВА Ільза Канстанцінаўна

(н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.

Г.Г.Коваль.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКШТА́НАЎ Іосіф Пятровіч

(22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус. драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.Мінко і «Вясна ў Маскве» В.Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.Арбузава (1958).

Г.Р.Герштэйн.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Крылы» А.Карнейчука, «У добры час!» В.Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.Дэнеры і Ф.Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.Шамякіна, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага, «Зімовая казка» У.Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.Транёва, «Разлом» Б.Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона, «Залатая карэта» Л.Лявонава і «Першы грэх» А.Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.Эніка і А.Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.Караткевіча, «Гора і слава» А.Петрашкевіча, «Узлёт» А.Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.Кавалёва паводле Я.Баршчэўскага, «Купала» А.Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.Васільева, «Гульня і не больш» Д.Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.Цурбакоў, Л.Гамуліна, Л.Гарбунова, Т.Скарута, С.Давыдаў, А.Г. і А.С.Каменскія, М.Маліноўскі, У.Слаўкоў, М.Кукліна, Р.Сувораў, Л.Усанава, Я.Дашкоў, Л.Сторажава, П.Філіпаў; рэжысёры: С.Гурыч, Я.Батурын, Б.Насоўскі, В.Шутаў, В.Яснагародскі, Г.Вагаў, В.Бартосік; мастакі: А.Ясафава, А.Свішчоў, М.Гафт, А.Белазёраў, А.Кляўзер, Дз.Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.Іваноў, Л.Лаўрыновіч, М.Пало, В.Чэпелеў, Ю.Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.В.Сабалеўскі, А.А.Воінаў (архітэктура).

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)