ТРУ́ШЫНА Тамара Васілеўна (15.12.1923, в. Кузняцы Ягор’еўскага р-на Маскоўскай вобл. — 3.1.1990),

расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла Маск. гар. тэатр. вучылішча (1946). Працавала ў т-рах Душанбе, Брэсцкім абл. драм. З 1948 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. У 1965—79 у Маскоўскім канцэртным аб’яднанні. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Яе творчасці ўласціва яркасць знешняга малюнка ролі, пластычная выразнасць, кідкасць сцэн. фарбаў, выкарыстанне прыёмаў гратэску, шаржу, карыкатуры. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Таццяна («Мяшчане» М.​Горкага), міс Пірс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Беліса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Сандра Мар’янен («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі), Зоя Шубейкіна («Дзікуны» С.​Міхалкова), Мары-Клер («За другім фронтам» В.​Сабко) і інш. Здымалася ў кіно.

А.​І.​Шах-Парон.

т. 15, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)