КРЭМАТО́РЫЙ (новалац. crematorium ад лац. cremare спальваць),

спецыяльна абсталяванае збудаванне для спальвання (крэмацыі) памерлых. Мае крэмацыйныя печы, жалобны зал для пахавальных абрадаў і інш. Першы К. адкрыты ў Мілане ў 1876. У Мінску К. дзейнічае з 1986.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЛЮМ (ад лац. velum заслона),

жаночы галаўны ўбор, лёгкае пакрывала з кісяі, шоўку, цюлю, карунак, якое спускаецца да плячэй, пояса, часам да долу.

Белы вясельны вэлюм — частка шлюбнага ўбору; мацуецца да вянка або інш. галаўнога ўбору. Жалобны вэлюм чорнага колеру.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІХІ́ДА (сярэднягрэч. pannychida літар. усяночная),

хрысціянская царк. служба па нябожчыку, а таксама ў гадавіну яго смерці. Існуюць таксама ўсяленскія П. ў памяць пра ўсіх памерлых. П. грамадзянская — агульны сход тых, хто прыйшоў на пахаванне, прысвечаны памяці памерлага; жалобны мітынг каля труны (урны з прахам) з развітальнымі прамовамі перад пахаваннем.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮ́Т [франц. salut ад лац. salus (salutis) віншаванне, прывітанне],

1) урачыстая форма прывітання або аддачы пашаны артыл. і ружэйнымі залпамі, а ў ВМФ (ВМС) таксама флагамі, феерверкам і інш. прыёмамі. Праводзіцца ў азнаменаванне ўрачыстых дат, дзярж. (нац.) свят і інш. (урачысты С.), у час афіц. цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў (С. нацый — 21 артыл. выстрал або залп), у гонар дзярж. і ваен. дзеячаў (асабісты С.), пры пахаванні дзярж. дзеячаў, ваеннаслужачых і асоб, якія маюць пэўныя заслугі (жалобны С.). Аддаюцца таксама С. ваен. караблям (злучэнням караблёў) пры іх прыбыцці ў замежны порт або ваен.-марскую базу з афіц. візітам і інш. Прымяненне, парадак правядзення і сродкі С. прадугледжаны спец. палажэннямі, статутамі, міжнар. канвенцыямі і інш. 2) Прывітанне падняццем рукі ў некат. грамадскіх і паліт. арг-цыях (напр., піянерскі С.).

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАБА́НДА (ісп. zarabanda),

1) старадаўні танец ісп. паходжання. Вядомы з 16 ст. як хуткі, свавольны, тэмпераментны песня-танец любоўнага характару. З 17 ст. пашырыўся ў Англіі і Францыі і ператварыўся ў павольны прыдворны танец урачыстага характару.

2) З сярэдзіны 17 ст. — частка інстр. сюіты. Жанравыя прыкметы: тэмп павольны, памер ​3/4 або ​3/2 з акцэнтам на 2-й долі такта, развітае гарманічнае суправаджэнне, шырокае выкарыстанне арнаментыкі; характар урачысты або журботна-засяроджаны, часам жалобны. Лепшыя ўзоры створаны І.​С.​Бахам і Г.​Ф.​Гендэлем. У 20 ст. кампазітары выкарыстоўваюць С. ў творах неакласічнай арыентацыі (сюіта «Для фартэпіяна» і фп. «Вобразы» К.​Дэбюсі, балет «Агон» І.​Стравінскага). У бел. музыцы выкарыстана Я.​Глебавым для стварэння вобраза Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель», У.​Дарохіным у сімф. сюіце «Мемарыял», у якой кампазітар пераасэнсоўвае прынцыпы будовы класічнай сюіты, В.​Войцікам як частка «Сюіты ў старадаўнім стылі».

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),

французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.​В.​Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.​Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́НКІ,

абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш. слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.

На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).

Літ.:

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

У.​А.​Васілевіч.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)