САЛЮ́Т [франц. salut ад лац. salus (salutis) віншаванне, прывітанне],

1) урачыстая форма прывітання або аддачы пашаны артыл. і ружэйнымі залпамі, а ў ВМФ (ВМС) таксама флагамі, феерверкам і інш. прыёмамі. Праводзіцца ў азнаменаванне ўрачыстых дат, дзярж. (нац.) свят і інш. (урачысты С.), у час афіц. цырымоній сустрэч кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў (С. нацый — 21 артыл. выстрал або залп), у гонар дзярж. і ваен. дзеячаў (асабісты С.), пры пахаванні дзярж. дзеячаў, ваеннаслужачых і асоб, якія маюць пэўныя заслугі (жалобны С.). Аддаюцца таксама С. ваен. караблям (злучэнням караблёў) пры іх прыбыцці ў замежны порт або ваен.-марскую базу з афіц. візітам і інш. Прымяненне, парадак правядзення і сродкі С. прадугледжаны спец. палажэннямі, статутамі, міжнар. канвенцыямі і інш. 2) Прывітанне падняццем рукі ў некат. грамадскіх і паліт. арг-цыях (напр., піянерскі С.).

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)