БАЛТА́КІС ((Baltakis) Альгімантас) (н. 15.2.1930, в. Страздзішкіс Анікшчайскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Калі дожджык імжыць» (1955), «Чортаў мост» (1957), «Падземныя рэкі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966), «Хлеб і воблакі» (1973), «Дэдыкацыі» (1975), «Элегіі Страздзішкіса» (1979), «Наш вечар» (1986), «Уздых» (1993). Яго творы вызначаюцца эмацыянальнай адкрытасцю, у іх светаўспрыманне маладога пакалення пасляваен. Літвы, рэчава-канкрэтная паэтыка гарадскіх будняў. На літоўскую мову пераклаў кнігу паэзіі Р.​Барадуліна «Бусел на даху» (1981), паасобныя вершы М.​Танка. На бел. мову творы Балтакіса перакладае Р.​Барадулін.

Тв.:

Rinkt. raštai. T. 1—2. Vilnius, 1983;

Рус. пер. — Высокий потолок: Стихи и поэма. М. 1965.

А.​Лапінскене.

А.Балтакіс.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНУ́ЗА (Паўлюк) (Павел Кузьміч; н. 18.3.1918, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1941). У 1945—78 настаўнічаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. Друкуецца з 1936. У зб. «Разгневаная зямля» (1946) біяграфія франтавога пакалення пазначана асабістай выверанасцю, суаднесена з уласным лёсам. Стваральная праца народа, вернасць грамадз. абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць адлюстраваны ў зб-ках «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць...» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі «Добры дожджык», 1960; «Дзе вясны пачатак» 1965; «Вясновыя тэлеграмы», 1976; «Фарбы восені», 1982; «Звініць ручаёк», 1988). Перакладае з рус., укр., польск. і інш. моў.

Тв.:

Родныя мясціны. Мн., 1968;

Мой аўтограф. Мн., 1988.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),

бел. нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер ​2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац. танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.

Ю.​М.​Чурко.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРЭ́ВІЧ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 1.4.1919, Мінск),

бел. жывапісец і графік. Дачка У.М.Кудрэвіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт., гіст. жанрах, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Эмацыянальнай напоўненасцю і лірычнай паэтызацыяй штодзённасці вызначаюцца творы, прысвечаныя моладзі: «У родны калгас» (1948), «Сяброўкі» (1952), «Гарманіст ідзе» (1957), «Беларускія прыпеўкі» (1960), «Перад канцэртам» (1967), «Вясна. 1945 год», «Майскі дожджык» (абодва 1970), «Беларуская антонаўка» (1973), «Дачкам Айчыны прысвячаецца» (1975), «Калі цвітуць сады», «Балгарыя» (абодва 1978), «Вясна ў Серабранцы» (1983), «Іспанскі матыў» (1985), «Тэатральны сезон 1942 года» (1995). Гіст. тэматыцы прысвечаны карціны «А.​С.​Пушкін у Міхайлаўскім» (1951), «Першая рэпетыцыя» (1963), «Рудабельская рэспубліка» (1971), творы, выкананыя з А.​Гугелем («Мікалай Астроўскі», 1957; «Кастусь Каліноўскі», 1958; «Апасіяната», 1964; «Вечная слава», 1977; «Партызанам Беларусі прысвячаецца», 1984). Аўтар партрэтаў: «Студэнтка» (1960), «Наташа» (1973), «Студэнт кансерваторыі» (1976), «Палеская маладзіца» (1978), «У майстэрні. Аўтапартрэт» (1979), «Партрэт бацькі», «Партрэт у чырвоным капелюшы», «Блакітная раніца» (усе 1988) і інш. Пейзажам і нацюрмортам уласцівы яркая дэкаратыўнасць, рамантычнасць, складаная і разнастайная танальная гама: «Вясна ў Ракаве» (1973), «Восень у Прылуках» (1974), «Перад навальніцай» (1977), «Азёрны край» (1978), «На Бярэзіне», «Нацюрморт з рабінай» (абодва 1979), «Вясна» (1981), «Лясныя званочкі» (1987), «Блакітны нацюрморт» (1989), «Астры» (1990) і інш. Сярод графічных работ серыі «Вакол Еўропы», «Па Балгарыі», «Па Волзе», «У Крыме», «Карпаты» і інш.

Літ.:

Салавей Л.Ф. Р.​У.​Кудрэвіч. Мн., 1974;

Адольф Гугель. Раиса Кудревич: [Альбом]. Мн., 1994.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Кудрэвіч. Студэнт кансерваторыі. 1976.

т. 8, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),

у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.

У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.​Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.​Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.​Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).

Я.​М.​Сахута (мастацтва), В.​П.​Рагойша (літаратура).

Да арт. Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.
Да арт. Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.
Да арт. Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)