ТУЛУ́ПАВА (Лісоўская) Нэлі Іванаўна

(1.2.1938, в. Капань Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.7.2001),

бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскае медвучылішча (1955), БДУ (1969). Працавала ў мед. установах, з 1960 дыктар Віцебскага абл. тэлебачання. З 1974 у Белдзяржфілармоніі, з 1979 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1990 у час. «Вожык». Друкавалася з 1955. Грамадзянскасць, патрыятызм, эмацыянальнасць, матывы чарнобыльскай трагедыі ў зб-ках вершаў «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (1977), «Босая цішыня» (1980), «Гарывада» (1984), «Сонца ў хату» (1986), «Я чакаю цябе...» (1993). Пісала для дзяцей: зб-кі «Дожджык Мікіта» (1978), «Бізоны-рабінзоны» (1983), кн. аповесцей «Пра што думае кіт» (1986). Аўтар гумарыст. зб-каў «Як павезлі мяне сватаць» (1987), «Скажыце ўсім» (1988), баек, казак, апавяданняў і інш. На бел. мову перакладала творы рус., укр. і інш. паэтаў.

т. 16, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)