Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧАРЫ́НКА,
вечарына, у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв.Беларускія вечарынкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ВА,
даўні від бел.нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст.Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ВАЧКА,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́СКА, зыбка, люлька,
дзіцячы ложак; даўні від бел.нар. мэблі. Рабілі з дошак ці рэечак; у Зах. Беларусі плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком). Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей да жэрдкі, якая адным канцом затыкалася за бэльку. Найб. просты від К. — кусок палатна, нацягнуты на драўляную раму. З канца 19 ст. пашырана К. ў выглядзе невял. ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Аздаблялі К. прапілоўкай, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разнымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя К. дэкарыравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення. У наш час амаль выйшлі з ужытку.
Я.М.Сахута, В.С.Цітоў.
Калыска. Вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст. Дом-музей Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл.гл. таксама ў арт.Галаўныя ўборы.
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).