КАЛЫ́СКА, зыбка, люлька,

дзіцячы ложак; даўні від бел. нар. мэблі. Рабілі з дошак ці рэечак; у Зах. Беларусі плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком). Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей да жэрдкі, якая адным канцом затыкалася за бэльку. Найб. просты від К. — кусок палатна, нацягнуты на драўляную раму. З канца 19 ст. пашырана К. ў выглядзе невял. ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Аздаблялі К. прапілоўкай, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разнымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя К. дэкарыравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення. У наш час амаль выйшлі з ужытку.

Я.М.Сахута, В.С.Цітоў.

Калыска. Вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. Пач. 20 ст. Дом-музей Я.Купалы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)