ЛЕКСІКАЛІЗА́ЦЫЯ,

ператварэнне элемента мовы (марфемы, словаформы) ці спалучэння слоў (словазлучэння) у асобную лексічную адзінку. Прыватнымі выпадкамі Л. з’яўляюцца: ператварэнне службовай марфемы (афікса) у слова: «акмеісты, футурысты і іншыя істы»; ператварэнне назоўнікаў у творным склоне ў прыслоўе («зайцам» — «ехаць зайцам»); ператварэнне словазлучэння ў слова: «мабыць» (з «мае быць»); фразеалагізацыя, узнікненне ідыяматычнага словазлучэння з свабоднага: «дагары нагамі», «шыварат навыварат» і інш. Пад Л. разумеюць таксама семантычнае адасабленне адной з форм слова ці часткі форм, напр., форм мн. л. назоўнікаў: «вада» — «воды» (водныя прасторы).

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.П.Шуба.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,

рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),

атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.

Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.

Мечахвосты.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),

дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс. км². Нас. 10 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).

Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва. Асн. ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.

Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс. н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц. Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр. дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн. т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, ​2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр. ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн. прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн. гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн. чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).

Літ.:

Авдюнина Л.А. Буркина-Фасо: Справ. М., 1992.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)