ЦЯЦЕ́РСКІ Міхаіл Іванавіч (? — 12.9.1797),
бел. і польскі драматург, педагог. Выкладаў рыторыку ў Забельскім дамініканскім калегіуме (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), дзе разам з К.Марашэўскім і Ю.Юрэвічам стварыў Забельскі школьны тэатр. Для яго перарабіў камедыю Мальера «Лекар паняволі» («Доктар па прымусу», 1787); увёў туды вобразы бел. сялян Хведара і Апанаса, сцэны з якімі нагадваюць традыц. бел. інтэрмедыі, мальераўскі сюжэт напоўніў бел. мясц. каларытам. Трагедыі «Сапар» (1788), «Фемістокл» (1790, абедзве на польскай мове) напісаны на сюжэты з ант. гісторыі ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму. Камедыі «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» і «Камедыя» (абедзве 1790—91, на польскай мове) выкрываюць маральныя заганы бел. феад. грамадства. Аўтар лібрэта оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (1789) і, як лічаць, арацыі «Пчолы» (1790, абедзве на польскай мове), якія ставіліся ў т-ры, падручніка па рыторыцы (на лац. мове, рукапіс у б-цы Вільнюскага ун-та).
Тв.:
Доктар па прымусу // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра, Т. 1. Мн., 1983.
А.В.Мальдзіс.
т. 17, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)