Гіпноз 1/57; 2/533; 3/322, 488; 7/403; 8/618; 10/475

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНО́З (ад грэч. hypnos сон),

штучна выкліканы своеасаблівы стан чалавека і жывёл, падобны на сон, у аснове якога ляжыць працэс тармажэння вышэйшых аддзелаў кары галаўнога мозга. У адрозненне ад сну тармажэнне пры гіпнозе ахоплівае толькі асобныя ўчасткі кары мозга. Узнікае пры гіпнатычных уздзеяннях на органы пачуццяў. Чалавек праз незатарможаныя ўчасткі кары ўспрымае загады гіпнатызёра. Навук. тлумачэнне гіпнозу даў рус. фізіёлаг І.​П.​Паўлаў. Гіпноз — адзін з метадаў псіхатэрапіі, выкарыстоўваецца для лячэння многіх хвароб.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГІПНО́З (ад аўта... + гіпноз),

гіпнатычны стан (гл. Гіпноз), выкліканы самаўнушэннем, у процілегласць гетэрагіпнозу, выкліканаму ўздзеяннем інш. чалавека; адзін з прыёмаў у аўтагеннай трэніроўцы. Мэтанакіраванае ўвядзенне самога сябе ў гіпнатычны стан дасягаецца пэўнымі прыёмамі. Схільнасць да аўтагіпнозу залежыць ад фіз. і эмацыянальнага стану, асобасных асаблівасцяў, здольнасці да самакіравання фізіял. і псіхічнымі функцыямі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІКА́ННЕ,

функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНАПЕ́ДЫ́Я (ад гіпноз + грэч. paideia навучанне),

навучанне ў час натуральнага сну. Сон (натуральны і штучны) як сродак для набыцця ведаў выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнасці (будыйскія святары ў Кітаі, факіры і ёгі ў Індыі і інш.). Спробу практычнага выкарыстання гіпнапедыі ў навейшы час рабілі Д.​А.​Фіней (1923, ЗША), А.​М.​Свядашч (1936, СССР). Цікавасць да гіпнапедыі і імкненне надаць ёй тэарэт. абгрунтаванне аднавіліся ў 1950—60-я г. Паводле эксперым. даных засваенне інфармацыі пры гіпнапедыі залежыць ад характару памяці, узросту навучэнца, колькасці сеансаў, аб’ёму праграмы за 1 сеанс навучання, інтанацыйнай характарыстыкі мовы. Аднак гіпнапедыя не замяняе натуральны пед. працэс; яна можа быць выкарыстана для замацавання ў памяці толькі некаторых відаў інфармацыі (замежныя словы, формулы, тэлегр. азбука і інш.).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)