УНУШЭ́ННЕ, сугестыя (лац. suggestio),

1) працэс уздзеяння на псіхічную сферу чалавека. Праяўляецца ў некрытычным засваенні аб’ектам У. (сугерэндам) унушальнага зместу з боку індывіда ці групы (сугестара). Характарызуецца зніжэннем свядомасці сугерэнда пры ўспрыманні пэўнай інфармацыі, адсутнасцю яе разумення, лагічнага аналізу і ацэнкі ў суадносінах з вопытам. Зместу свядомасці, атрыманаму шляхам У., уласцівы назойлівы характар; ён не паддаецца асэнсаванню, карэкцыі і ўяўляе сабой сукупнасць выкліканых установак. У. ажыццяўляецца ў выглядзе гетэрасугестыі (уздзеяння з боку) і аўтасугестыі (самаўнушэння). Сугерэндам бывае асобны чалавек ці група, сац. слой (феномен масавага У.). У. дасягаецца вербальнымі (словы, інтанацыі) і невербальнымі (міміка, жэсты, пэўныя дзеянні і інш.) сродкамі. Паводле метадаў рэалізацыі вылучаюць прамое наўмыснае (характарызуецца выкарыстаннем спец. слоўных формул, якія ўкараняюцца ў псіхічную сферу сугерэнда і становяцца актыўнымі элементамі яго свядомасці і паводзін), ускоснае наўмыснае і ненаўмыснае У. (характарызуецца схаваным характарам унушальнай інфармацыі і неўсвядомленасцю яе засваення). Адрозніваюць таксама У. ў стане гіпнозу, няспання, натуральнага сну, постгіпнатычнае. Выкарыстоўваюць у медыцыне для карэкцыі псіхічнага і саматычнага стану хворага, у педагогіцы ў працэсе навучання (сугестапедыя), эксперым. псіхалогіі і інш. 2) У псіхатэрапіі — мэтанакіраванае псіхічнае ўздзеянне ўрача на хворага з лячэбнымі мэтамі. Шляхам У. выклікаюцца пэўныя адчуванні, уяўленні, эмацыянальныя станы, аказваецца ўздзеянне на вегетатыўныя функцыі без актыўнага ўдзелу хворага. Адрозніваюць У. вербальнае (славеснае), гіпнатычнае (гл. Гіпноз), зрокавае, ускоснае, постгіпнатычнае. Пры У. ў кары галаўнога мозга хворага развіваецца частковае тармажэнне, але застаюцца актыўнымі асобныя вобласці, праз якія ажыццяўляецца У. хвораму. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неўрозаў, алкагалізму, наркаманіі і інш. Аб’ектам У. можа быць як асобны чалавек, так і групы, сац. слаі (масавыя У.).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)