ЦЫБУ́ЛЬСКІ Напалеон (Нікадзім) Восіпавіч (13.9.1854, в. Крываносы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.4.1919),

бел. і польскі фізіёлаг, філосаф, грамадскі дзеяч. Д-р медыцыны (1885). Скончыў Пецярбургскую Ваенна-мед. акадэмію (1880). З 1885 у Польшчы. Працаваў у галіне фізіялогіі ў Ягелонскім ун-це (г. Кракаў); заг. кафедры ў ім (1885), дэкан, рэктар (1904). Чл. АН Польшчы. Адзін з першых выкарыстаў унутрывеннае ўліванне солевых раствораў (1880). У Кракаве стварыў медыцынска-навук. школу. Вызначыў фізіял. ўздзеянне экстрактаў наднырачнікаў (1893—96). Зрабіў вынаходніцтвы і адкрыцці ў фізіялогіі і вызначыў хуткасць кровазвароту і масу крыві пры дапамозе прапанаванага ім прыбора — фотагематометра. Адкрыў уласцівасці адрэналіну, вывучаў гіпноз. Працаваў у гарадской радзе Кракава. Аўтар твораў «Фізіялогія чалавека», «Харчаванне людзей у Галіцыі», трактата па філасофіі «Аб сучасным віталізме і механізме». Пасмяротна адзначаны Камандорскім крыжам Адраджэння Польшчы (1936).

Л.​В.​Кірыленка.

т. 18, кн. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)