Геданізм 3/412; 10/516; 11/469, 490

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДАНІ́ЗМ

(ад грэч. hēdonē асалода),

этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.Гобс, Дж.Лок, П.Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.Сантаяна, Дз.Дрэйк, аўстр. М.Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯ́Н (Vian) Барыс

(10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),

французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.

Тв.:

Бел. пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;

Женщинам не понять. СПб., 1993;

Пена дней. Л., 1994;

Мурашки. М., 1994;

Сердцедер. М., 1994.

Літ.:

Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.

К.М.Міхееў.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЯЛО́ГІЯ

(ад грэч. axia каштоўнасць + ...логія),

вучэнне аб каштоўнасцях; філас. тэорыя агульназначных прынцыпаў, якія вызначаюць матывацыю і накіраванасць дзеянняў чалавека. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст., хоць пытанні прыроды каштоўнасцяў (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці. У ант. і сярэдневяковай філасофіі (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі і інш.) каштоўнасныя характарыстыкі ўключаліся ў само паняцце рэальнасці і вызначаліся нерасчлянёнасцю анталогіі і аксіялогіі, быцця і каштоўнасці. Упершыню разгорнутае вучэнне аб каштоўнасці даў ням. філосаф Р.Г.Лотцэ, які ўвёў у навук. ўжытак паняцце «аб’ектыўнай значнасці лагічных і матэматычных ісцін» у адрозненне ад іх эмпірычнага існавання — быцця. Адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства В.Віндэльбанд да агульназначных каштоўнасцяў адносіў ісціну, дабро і прыгажосць, а навуку, правапарадак і рэлігію разглядаў як даброты культуры, без якіх чалавецтва не можа існаваць. Паводле Г.Рыкерта, найб. агульнай характарыстыкай эмпірычных каштоўнасцяў з’яўляецца воля звышіндывід. суб’екта, якая імкнецца спасцігнуць ісціну. З паняцця волі пры абгрунтаванні аксіялогіі зыходзілі і прадстаўнікі ням. школы неакантыянства Г.Коген і Н.Мюнстэрберг. Паслядоўнікі гусерліянскай школы неакантыянства Ф.Брэнтана, М.Гартман, А.Мейнанг, М.Шэлер лічылі, што крыніцай станоўчых каштоўнасцяў з’яўляюцца эмацыянальныя акты перавагі (любоў, спачуванне), а адмоўныя каштоўнасці ўзнікаюць ад акта агіды (нянавісці). Як незямную сутнасць «па-за прасторай і часам» трактуюць каштоўнасць прадстаўнікі неапратэстанцызму, неатамізму, інтуітывізму і інш. Прыхільнікі натуралістычных тэорый каштоўнасці (геданізм, эвалюцыйная этыка, эўдэманізм, тэорыя інтарэсаў) разглядаюць каштоўнасць як функцыю прыстасавання да навакольнага асяроддзя, выражэнне натуральных патрэбнасцяў чалавека і яго імкнення да асалоды і шчасця. У сацыялогіі паняцце каштоўнасцяў увёў М.Вебер, які зыходзіў з непазбежнай сувязі любога пазнання з «каштоўнаснымі ідэямі», інтарэсамі кожнага даследчыка. Паводле «структурнага функцыяналізму» Т.Парсанса каштоўнасці — вышэйшыя прынцыпы, на аснове якіх забяспечваюцца нармальнае функцыянаванне «сістэмы грамадства» і «сістэмы асобы» — згода (кансенсус) у малых грамадз. групах і ў грамадстве ў цэлым. Аналіз прычын трагічных канфліктаў і бедстваў, пошук шляхоў пераадолення экалаг. і ядзернай катастроф, якія пагражаюць чалавецтву, натуральна прывіў у сярэдзіне 20 ст. да ідэі прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцяў, надання ім статуса зыходных арыенціраў міжнар. і ўнутрыпаліт. жыцця, маральных паводзін людзей. Такое разуменне ўзаемасувязі глабальных праблем і агульначалавечых каштоўнасцяў выказвалі А.Эйнштэйн, Д.Бел, Б.Расел, Т. дэ Шардэн, А.Швейцэр, М.А.Бярдзяеў, А.Д.Сахараў і інш.

На Беларусі філас. прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачыў галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына. Яго паслядоўнікі і пераемнікі М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, Мялецій Сматрыцкі, Л.Карповіч, Сімяон Полацкі і інш. мысліцелі-гуманісты вылучалі як каштоўныя якасці чалавечай асобы высокую духоўнасць, талерантнасць, нац. самасвядомасць, павагу да людзей інш. нацыянальнасцяў. Дыялектычную ўзаемасувязь асобасных, нацыянальна-своеасаблівых і агульначалавечых каштоўнасцяў і інтарэсаў адзначалі ў сваёй творчасці К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантар і інш. дзеячы культуры, ідэолагі нац.-культ. Адраджэння. Прадстаўнікі сучаснай бел. гуманістыкі разглядаюць каштоўнасці як неад’емны кампанент чалавечага быцця і існавання, даследуюць іх у арганічнай узаемасувязі з праблемамі ўмацавання суверэнітэту краіны, усведамлення кожным чалавекам сваёй нац. годнасці, прыналежнасці да цывілізаванай сям’і еўрапейскіх народаў і агульначалавечай супольнасці.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светапогляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с нем. и фр. М., 1990;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994;

Weber M. Gesammelte Aufzätze zur Wissenschaftslehre. Tübingen, 1951.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)